Рыгорыха (падышла, вяртае заяву). А Несцяровіч і зусім не лажыўся… То адзін у яго, то другі…
Бондар Адмовіць? Дык я ў абком паеду. Я тут не застануся!..
Рыгорыха (усміхнулася). А ты прачытай добра, разбярыся.
Бондар (пакруціў у руках паперку, чытае). Таварыш Загароўскай. На заключэнне. Прашу вырашыць пытанне. Р. Несцяровіч.
Рыгорыха (паказвае). А гэта яна піша.
Бондар (чытае). Адмовіць. Аксеня Загароўская. (Ашаломлены такою навіною, лупае вачыма.)
Рыгорыха (падсунула яму паперку). А вось яе заява, просіць перавесціся ў другую школу. Усе рэчы ўжо сабраны, сядзіць дзяўчына на чамаданах і румзае.
Бондар. А якая думка Несцяровіча?
Рыгорыха. Чытай.
Бондар (голасна чытае). Таварышу Бондару. Прашу стварыць такія ўмовы, каб працаўнікі не разбягаліся. Аб выкананні далажыць. Р. Несцяровіч.
Рыгорыха. Каб ты паглядзеў, што ў яе робіцца.
Бондар. І Несцяровіч там быў?
Рыгорыха. І Несцяровіч, і Ярашэвіч, і Касперскі, — яны і цяпер там. (Таямніча.) А каб ты ведаў, як яна цябе кахае. (Дабрадушна.) Эх вы, мужчыны!.. Пішы. (Падказвае.) Чамаданы не распакоўваць…
Бондар. Скажы ёй, мама, што і я яе кахаю. (Піша і голасна чытае.) Чамаданы не распакоўваць… Як-небудзь уладзім. Р. Бондар.
Рыгорыха. А гэта мы і без цябе зробім. Яна толькі чакае твайго слова.
Бондар (рады). Я сам туды пайду. (Чуцен гудок машыны.)