сябе… правільна!.. Досыць хадзіць у легцы, трэба ўпрагацца і цягнуць сямейны воз…
Бондар. Якая маладая?
Касперскі. А ў цябе іх шмат? Загароўская.
Бондар (лупае вачыма, да маці). Значыць, праўда, яна да яго пераходзіць.
Рыгорыха. Пэўна.
Касперскі. Я толькі скіну піва і з возам пад‘еду, перакінуць рэчы…
Бондар. Нічога, не хворая сама перанесці, колькі тых рэчаў…
Касперскі. Як хочаш! (Гукае.) Стой, хлопцы, скідай! (Пайшоў.)
Бондар (да маці). Якая лёгкадумнасць! Зусім гэтага ад яе не чакаў. Дзяўчыне абы выскачыць замуж…
Рыгорыха. Розныя ёсць дзяўчаты… (Разам з сынам, а можа нават больш за яго, пакутуе.) Выходзіць, што ты яе не ведаў… (Падумала.) Што-ж, хіба толькі свету, што ў акне… (Цяжка.) Значыць, не судзіў лёс…
Бондар (уздыхнуў). А ты, маці, заўсёды казала, — будзе на стале хлеб, будзе ў хаце і шчасце. А выходзіць яно так і не так.
Рыгорыха. Я і цяпер так думаю — калі ёсць хлеб, дык будзе і шчасце. Будзе! А пакуль: людское шчасце, тваё шчасце. (Марыць.) А як будзе прыгожа, калі зацвітуць вішні… пра вішнёвы сад я яшчэ ў дзявоцтве марыла… але твайму бацьку не да саду было, бо елі хлеб з мякінаю і лебядою… Цяпер я шчаслівая!..
Бондар (шчыра). Меркавалася іначай жыць… А толькі, як ты кажаш, не судзіў мне лёс… (Падумаў.) Хоць я ў лёс не веру… Лёс чалавека ў яго ўласных руках… Чалавек — каваль свайго шчасця…