Загароўская (хутка прабегла вачыма, ёй свае ў галаве). Добра. Вы несяцё гэтую заяву Несцяровічу?
Лучыніна. Так.
Загароўская. Будзьце ласкавы, перадайце яму вось гэтае пісьмо.
Лучыніна. Магу, не цяжка. (Пайшла.)
Загароўская (горка ўсміхнулася). «Я шчаслівая!.. Мне зайздросцяць!.. Э-эх, Лучыніна, каб ты заглянула ў маю душу, дык гэтага-б не сказала… Перад табою Анішчук поўзаў на каленях, а ты пераступіла яго і пайшла… А я лічу за шчасце, калі Кірыла са мною загаворыць… Не быць мне шчаслівай, не-е… (Хутка складае сукенкі ў чамадан, падыходзіць Касперскі з пугаю ў руках, заглянуў у акно.)
Касперскі (падміргнуў). Перабіраецеся?
Загароўская (страсянулася). Ой, напалохалі.
Касперскі (усміхнуўся). Вам гэта не зашкодзіць. (Прывітаўся за руку.) А можа?.. Кірыла Рыгоравіч любіць дзяцей, ён як прыдзе да нас, дык мой меншы хлопчык з рук у яго не злазіць… (Махнуў рукою.) Эт, молада-зелена!.. Вось у мяне як сядуць за стол, дык у шаснаццаць лыжак малоцяць…
Загароўская (не ўтрымалася, смяецца). Ой, дзядзька!.. Заўсёды пакеплівае…
Касперскі (другім тонам). Дык што-ж, гаспадыня, я сёе-тое прывёз, прымай…
Загароўская (хутка). Я не гаспадыня…
Касперскі. Дык будзеш ёю!..
Загароўская. Яшчэ невядома…
Касперскі. Бондар мне даўно казаў… (Успамінае.) Неяк было зімою, калі дапамагаў мне скласці пяцігадовы план нашага калгаса…
Загароўская (з вялікай зацікаўленасцю). Што ён казаў?..