расказвае. Несцяровіч уважліва яе слухае. Да іх падыходзіць Ярашэвіч.)
Анішчук (пачухаў патыліцу). Дык як-жа будзе?
Загароўская (прызналася). Я другога кахаю.
Анішчук. Дык навошта вы мяне валаводзілі?
Загароўская. Мне гэта трэба было, каб вырваць ад вас Лучыніну, якая па вушы была закахана ў вас, дый скончыць з плёткай… аб парсючку… (Задаволена.) Усё-ж я перамагла…
Анішчук (аж прастагнаў). Пашкадуйце!
Загароўская (устала, сурова). Той не мужчына, які просіць, каб яго шкадавалі.
Анішчук. А хто-ж?
Загароўская. Хочаце, каб я вам сказала?
Анішчук. Прашу!
Загароўская. Блазан! Вы нарабілі людзям столькі прыкрасці, што ніякай літасці вам не можа быць.
Анішчук (толькі цяпер апамятаваўся). А-а-а. Лоўка вы сыгралі на струнах мае душы. А я лічыў вас наіўнай дзяўчынкай. Адно-ж гэта гадзюка, якая падпаўзла і раніла мяне проста ў сэрца.
Загароўская. Выходзіць, памыліліся.
Анішчук (зласліва). Адно-ж у яе кіпцюры арліцы. А толькі не ўсё яшчэ скончана…
Загароўская (усміхнулася). Усё-такі гругану крыллі падрэзаны…
Анішчук (бездапаможна махае рукамі). Яшчэ палячу… (Хістаецца, як п‘яны.) А толькі і вам не бачыць шчасця… Бондар з Вясніною пасябравалі…
Загароўская. Калі толькі пасябравалі, дык гэта поўбяды…
Анішчук (панура). Канцы мне прышлі!.. (Голасна.) Вера!.. Вера Ігнатаўна!.. (Знікае.)