Перайсці да зместу

Старонка:Хлеб (1949).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгорыха (не заўважыла іроніі). Пакахаў, але не кажа каго, нават ад мяне трымае ў сакрэце. (Зусім сур‘ёзна.) «У нас тады, — кажа, — яшчэ лепш пойдуць справы калгасныя…».

Загароўская (хоча даведацца)'. Каго-ж ён гэтак моцна пакахаў?

Рыгорыха (дапытваецца). Няўжо-ж ты не ведаеш? (Падышоў Анішчук і перабіў гаворку, Рыгорыха злосна паглядзела на яго.)

Анішчук (сеў, паведамляе). Так што, Аксеня Змітраўна, ляснула ваша пшаніца. Вы з дзецьмі за ёю даглядалі, а Бондар прадае калгасам па дзяржаўнай цане. Ну і гаспадар!

Рыгорыха. Яблыні, грушы і вішні ў соўгасе ён купляў па дзяржаўнай цане. А чаму ён павінен прадаваць пшаніцу па базарнай?..

Анішчук. Лепей было тады яе самім з‘есці.

Загароўская. О, не! З‘есці кожны дурань здолее. Трэба, каб гэта пшаніца закрасавала на нашых палетках.

Анішчук. Кажуць, бацькі Івана Дзянісава да нас прыязджаюць?

Рыгорыха. Бацька вясною памёр. Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё.

Анішчук. І нібы жыць тут збіраецца?

Рыгорыха. А што, калі-б і так?

Анішчук. Не хапала нахлебнікаў.

Рыгорыха (абурана). Як табе не сорамна! (Растлумачвае.) У яе там сыны і дочкі, яны жывуць у дастатку і твой ім хлеб не патрэбны. (Відаць, што Рыгорыха нервуецца, яна не можа вязаць.) Дый не вельмі ты нарабіў хлеба!.. Не перадасі!..

Анішчук (злосна, да Рыгорыхі). А калгасная вечарынка таксама ў гонар Глафіры Парфіраўны?