паказваючы на маладыя вішні). Прыемна паглядзець на працу рук сваіх? Але скажы ты, мусіць, у цябе лёгкая рука, усе вішанькі прыняліся і ўзяліся дружна расці. (Уздыхнула.) А Кірыла мой пасадзіў перад вокнамі дзве вішанькі, дык нешта яны кволыя.
Загароўская (хітра). Мусіць, глеба благая, ці спазніўся з пасадкай, пакуль убяруцца ў сілу.
Рыгорыха. Як мне здаецца, дык ты бачыла, калі ён іх садзіў, хоць можа табе гэта не ў галаве было і ты, не заўважыўшы, прайшла міма.
Загароўская (нібы ўспомніла). Дык гэта-ж, здаецца, было, калі мы праводзілі «Тыдзень саду», Анішчук тады абсадзіў усю сядзібу клёнікамі…
Рыгорыха (спынілася штопаць). А не ведаеш, усе прыняліся?..
Загароўская. Як быццам адзін клёнік засох…
Рыгорыха. Вочы ў мяне благія, але нібы поруч з клёнікам і бярэзінка звяла… (Зноў штопае.)
Загароўская. Можа. (Паглядзела на Рыгорыху, хітра.) А ў Вясніной як вішні ўзяліся… проста буяюць…
Рыгорыха (хутка гаворыць). Рукі дбайныя ў кабеты… Руплівая… Вёдрамі ваду носіць, кожны дзень палівае дрэўцы… Яе вішні, як дзяўчаты, пястунні… А зойдзеш у яе агарод, люба сэрцу… Кірыла ўсё яе хваліць…
Загароўская (нібы між іншым). Яна шмат каму з мужчын падабаецца… І Рымша на яе паглядае…
Рыгорыха. Прыгожае кожнаму да спадобы. (Паведамляе, і паўз акуляры глядзіць, якое зрабіла ўражанне.) А Кіруша мой сёння сказаў: «Вось што, мама, сёлета мы з хлебам, трэба паклапаціцца і пра сябе…».
Загароўская. Што з ім здарылася? (Усміхнулася.) Няўжо пакахаў каго? (Іранічна.) Гэта-ж можа пашкодзіць выкананню пяцігодкі калгаса…