цыю будаваць у кампанію не прымуць… Зноў-жа цагельня… аднаму яно нібы і не пад сілу.
Бондар (да Касперскага). Вінцэнт Казіміравіч! Што-ж гэта вы апусцілі галаву? Патрэбна вытрымка; цярпенне. Калі сумленне ваша чыстае, дык і душа павінна быць спакойнай.
Касперскі (пакрыўджана). Кірыла Рыгоравіч! Няўжо вы сумняваецеся? Чыстая, як дзіцячая сляза. Прысягнуць магу! Баба ў мяне чалавек добрага сэрца… «З суседам, — кажа, — апошнім падзяліся…».
Рыгорыха. Хто Вінцэнціхі не ведае.
Касперскі. Ото-ж!
Анішчук (зласліва). Кракадзілавы слёзы…
Рымша (замахнуўся палкаю). Маўчы!.. (Анішчук адскочыў.) Закавыка!
Касперскі (панура). Меркавалася хутчэй даць людзям святло… А ўдвух яно лягчэй… Дый мне хочацца насадзіць сад… вішань… хочацца бачыць усю нашу краіну ў вішнёвым цвеце…
Бондар (да Касперскага). Вінцэнт Казіміравіч! Няўжо-ж вы думаеце, што нашу дружбу парушыць якісьці парсючок (у бок Анішчука), ці хоць бы найвялікшая свіння?.. Не. Наша ўмоўленасць застаецца ў сіле. (Ідучы.) Не зважаючы ні на што, мы пойдзем разам. (Абняў.) Будзе ў нас хлеб, і да хлеба, будзе і святло, будуць і муры пад чарапіцаю! Як усё жывое цягнецца да сонца, так нашы людзі да працы. Будзе ў нас і сад, і наша краіна ў вішнях закрасуе. Яшчэ нам пазайздросцяць!
Заслона