сям’я ў рыззі і лахманах… дзеці жадны кавалку хлеба… Жанчына паказала мне, склаўшы пальцы, што муж яе быў у астрозе і там загінуў… І яна залілася слязьмі… Кабета назвала імёны: Ленін, Сталін, Тэльман… Не ведаючы мовы, мы зразумелі адзін аднаго… (Падумаў.) А то неяк у маёнтку я спаткаў старога чалавека, ён не пасароміўся і скінуў кашулю — на ўсім целе былі сінія рубцы… Гэта быў батрак, яго спаласаваў памешчык… Ён доўга мне тлумачыў, што для яго прышло сонца з усходу… (Пауза.) Я таксама бачыў гандляроў, яны ветліва нам кланяліся, частавалі сігарэтамі (падкрэслена, у бок Анішчука), чыркалі зажыгалкі, лісліва ўсміхаліся і гнуліся ў тры пагібелі… Яны гатовы былі нават зрабіць любую паслугу… Але хіба гэта людзі!.. Мне агідна стала ад іх «культуры»… (Падняў галаву.) А вось у нас другая справа: калі прышлі немцы, дык усе людзі падаліся ў лес… Не дарма немцы казалі, што ў Беларусі пад кожным дрэвам быў партызан… Я ўжо не кажу пра горад, у Мінску жанчыны самога Кубе аходалі… Увесь наш народ падняўся супроць навалы… Вось гэта культура…
Анішчук. Гм… Дык што-ж, выходзіць, што мы і за Еўропу і за Амерыку вышэй стаім…
Касперскі (горача). А як-жа ты думаў! (Да Бондара.) Калі што не так скажу, дык адразу папраўляй… нас людзі слухаюць… (Успамінае.) Я калісь працаваў у Чыкага на фабрыцы… І вось апынуўся на вуліцы… Ужо тады я любіў чытаць… Заходжу ў бібліятэку і бяру першую кніжку (цяпер нават яе назвы не помню), і чытаю… Не кніжку чытаю, а надпіс на кніжцы… «Ужо месяц як не маю працы, жыву з сям‘ёю на скверы… Дапамажыце хто добрае сэрца мае!.. Яська з-пад Гродні». У мяне тады яшчэ былі грошы. Як, мяркую, не дапамагчы земляку на чужыне. Іду, доўга шукаю, але ўсё-ж знаходжу яго. Бачу старога, згорбленага чалавека, з