Бондар. Мала што дзе ляжыць.
Анішчук. Касперскі прывёз «падарунак».
Бондар (да Касперскага). Праўда?
Касперскі. Так.
Бондар (абурана). Хабарам я ніколі не займаўся і не буду займацца.
Касперскі. Падарунак — не хабар.
Вясніна (да Анішчука). А для чаго Касперскаму даваць Бондару хабар? Не падумаўшы, Анішчук, плявузгаеш!
Анішчук. Каб заўтра атрымаць людзей.
Вясніна. Дык-жа Касперскі Бондару дапамагаў.
Анішчук. Хіба ў Касперскага столькі людзей, колькі ў Бондара, — розніца!
Вясніна (не вытрымала). Ну і круцель! І што далей, то болей лезе ў балота… Захлынешся!..
Рыгорыха. Але-ж! (Уздыхнула.) От напасць! (Да Вясніной.) Адно да другога: і кот збанок з малаком пабіў, і курчаняты тварог здзяўблі, і Анішчук новы паклёп прыдумаў… От гад, у яго, мусіць, і ў роце чорна… А яшчэ гаворыць шмат чаго бачыў…
Бондар (усміхнуўся). Як высвятляецца, толькі хваліцца, што быў за мяжой… бачыў Еўропу… а па сутнасці яе не ведае.
Анішчук (да Бондара). Ты яе ведаеш, бачыў Еўропу з птушынага палёту, на сваім самалёце…
Бондар. А зверху-такі відней…
Рымша (да Анішчука). Я прамерыў сваімі нагамі вялікую частку Еўропы, бачыў, як жывуць рабочыя і фабрыканты, батракі і памешчыкі, бачыў галодных дзяцей, жабракоў… Вось толькі я сказаць добра не ўмею…
Бондар. Гавары, Рымша, абы правільна…
Рымша (успамінае). Толькі гэта мы перайшлі граніцу Германіі, зайшоў я ў Німерзацы ў адзін дом, бачу