Як ты кулака не кармі, а ён усё ў лес глядзіць… Ілжэ і не чырванее… і вопытнае поле ў яго для маскіроўкі… (Адышоўся.) От ускочыў!.. Не меў Касперскі клопату, дык прывёз парася… (Чухае патыліцу.) Уцякаць адсюль!.. Тады і сапраўды падумаюць, што прывозіў хабар… Хацеў чалавеку зрабіць дабро, а выходзіць і яму і сабе нашкодзіў… (Падумаў, падняў галаву.) Не!.. Трэба гэтую лухту развеяць… (Пайшоў.)
Лучыніна (песціцца). А што ты да нас не прыходзіш?
Анішчук. Справы, закруцішся, Бондар дыхнуць не дае. (Загароўская, спацыруючы, угледзела пару, ідзе ў іх бок, на хаду ірве і кідае ў рэчку палявыя кветкі.)
Лучыніна. А ты мяне паранейшаму кахаеш?
Анішчук (хоча абняць). Яшчэ больш!
Лучыніна (скінула з пляча руку, насупілася). А мне казалі, што ты паглядаеш на настаўніцу.
Анішчук. Праўду сказаць, яна да мяне чэпіцца, але я не магу цябе забыць. (Загароўская, відаць, нервуецца, яна спынілася і наводшыб кінула пук кветак у рэчку.) Памятаеш Зялёныя Лужкі…
Лучыніна (уздыхнула). А як-жа! (Апусціла галаву.) А ты не забыўся?
Анішчук. Яшчэ што! (Абняў.) Я цябе так кахаю, мне без цябе свет не мілы.
Лучыніна (горнецца да яго). А я цябе і ў сне бачу. Паехала ў горад, меркавала застацца на трактарным працаваць, але дзе там — ты перад вачыма стаіш, карціць цябе пабачыць. Хочацца, каб ты заўсёды быў поруч са мною, і мы з табою да скону не разлучаліся. (Хацелі пацалавацца, Лучыніна раптам падалася назад.)
Анішчук. Чаго ты так спалохалася?
Лучыніна. Нехта сюды ідзе.
Анішчук. Табе здалося.