два цалкам аддаюць сябе калгаснай справе.
Касперскі (усміхнуўся). Хітруха! Не так лёгка мяне, старога, правесці. Бачу, што да чаго. Сам некалі каля дзяўчат на кані гарцаваў. (Падумаў.) Гм… Нястача. А чаму не пазычыць у калгасе? Каб не было — іншая справа.
Вясніна. Што вы! Так яшчэ возьмуць, і то не ад кожнага. А з калгаса — нізашто!
Касперскі. Гэтакія людзі! А той які чалавек! (Падумаў.) Я неяк быў у Бондара, яны раіліся, каб купіць якое парасё, але, мусіць, грошай бракуе.
Вясніна. Адкуль у іх тыя грошы. Пакуль забудаваліся.
Касперскі. А што калі я падкіну ім свінчо. Возьмуць?
Вясніна. Не ведаю.
Касперскі. Ад суседа, што тут такога? Не дарма, разлічымся. Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было-б, каб хоць даць святло ў цагельню. Выгадна жыць каля рэчкі… а у нас гэтай гідры ніяк не паставіш каля той сажалкі…
Вясніна. Не толькі ў цагельню, а можа нават калгаснікам дадзім. Мы рабочым Кіраўскага завода ў Ленінград прадалі бульбы, то і яны ў даўгу не засталіся, — выслалі калгасную электрастанцыю.
Касперскі (падумаў). Будучы з рабочымі ў хаўрусе, селянін ніколі не прападзе. (Пауза.) Але, мусіць, электрастанцыя не такой ужо вялікай будзе?
Вясніна. Разлічана, хопіць і для нас, і для вас.
Касперскі. От гэта чалавек! Не дарэмна Бондар носіць партбілет у кішэні. А толькі аб сабе не клапоціцца… (У возе запішчэла.)
Вясніна. Што гэта?
Касперскі. Я прывёз ім парсючка. Свае гадоўлі. Ці прымуць?