Лучыніна (лапнула рукою за шчаку). Ах! (Адвярнулася, прыціснула пальцам «мушку».)
Касперскі. Дый банцік ззаду развязаўся…
Лучыніна. Ай, дзядзька! Ну і вочы ў вас… (Хутка пайшла.)
Касперскі (усміхнуўся). Ну, чым не Еўропа!..
Лучыніна (да Рымшы). Тата пыталі, ці завозна ў млыне і калі можна будзе зрабіць панцаку?
Рымша (ён чуў размову Касперскага з дзяўчынай). Бачыш — завозна.
Лучыніна. Тата вельмі прасілі зрабіць крупы.
Рымша. А як жыве бацька, не думае ў калгас падавацца? Абгарадзіўся парканам вышэй чалавечага росту і мяркуе дажыць свой век.
Лучыніна. Не так дзьмуць ветры. За агародай крыху зацішней.
Рымша (да Лучынінай). Дзе ты, дзяўчына, так абцерлася?
Лучыніна. Я толькі прыехала з горада.
Рымша. І як там?
Лучыніна. Пыл, гарачыня. І ў вас тут пыл.
Рымша. Лёгкага хлеба шукаеш? Па бацьку пайшла, ён кажа: «Я чалавек несвядомы, люблю хутары».
Лучыніна (няёмка сябе адчувае). Дык калі тату сказаць, каб прыехалі?
Рымша. Паслязаўтра. Хоць лепей у чацвер. Ах, у вас крупы… дык у суботу, на тым тыдні.
Лучыніна. Жартуеце?
Рымша (ужо сур’ёзна). Няхай прыязджае ў пятніцу пад вечар.
Лучыніна. Дзякую! (Хацела ісці, падыходзіць Анішчук.)
Анішчук. А-а-а, Вера Ігнатаўна, куды так спяшаецеся?
Лучыніна (гулліва). Дахаты.