Рымша. Казаў, заўтра ўсім калгасам ідзе да вас на дапамогу. Трэба, гаворыць, мець пачуццё локця. Неабходна ўсім фронтам весці наступленне на стары свет!..
Касперскі. А хіба ён адсеяўся?
Рымша. Учора скончылі.
Касперскі. І ўсё засеяў?
Рымша. Ні лапіны не пакінуў. Трактарам узвярнуў увесь дзірван, што за вайну быльняком зарос. Дый на асушанае балота залез, засеяў тры гектары азімай пшаніцы, выведзенай Загароўскай з дзецьмі.
Касперскі. Значыць, будзе з хлебам. Цяпер ён пойдзе ірваць! Моцны чалавек!
Рымша. Напорысты! Ён мацней любога металу!.. Трэба ўмець: збіць сем самалётаў… (Задумённа.) А ў баю з восьмым… яго паласанулі… самалёт не дацягнуў да свайго аэрадрома, і ён апусціўся на партызанскай тэрыторыі… там яму вынялі два рабры… а на выгляд, — мяккі, дабрадушны… дзіцяці дарогу саступіць… Вось ён які тутэйшы чалавек!.. (Падыходзіць Лучыніна.)
Лучыніна (да Касперскага). Гэта вы, дзядзька, будзеце млынаром?
Касперскі (усміхнуўся). Чамусьці ўсе мяне прымаюць за млынара. (Паказвае на Рымшу.) Не, унь той кавалерчык!
Лучыніна (ціха). Ну і кавалерчык, з нагою, як качаргою.
Касперскі (злосна). Ты была-б шчаслівай, дзяўчына, каб займела такога мужа. Гэты чалавек дарма дня не згуляе! За такім мужам жонка будзе жыць, гора не ведаючы…
Лучыніна (скептычна). Не вялікае шчасце мець мужа калеку.
Касперскі (абурана). Горш за ўсё, калі душа ў каго скалечана. За цябе-ж чалавек змагаўся. (Зласліва.) А ў цябе, дзяўчо, «мушка» на твары адклеелася.