Анішчук (з дакорам). Не ведаў я, што ты такая шкодная…
Вясніна (усміхнулася). Кажаш, не выхаваная… Што-ж, мой бацька не меў хутара і не вёў культурнай гаспадаркі, якая ледзь-ледзь не дацягнула да кулацкай… Вось дзе сабака закапаны!.. (Пауза.) А я веру ў план Бондара, ён рэальны… (Да Бондара.) Так, здаецца, кажуць людзі навукі?
Бондар. Так.
Анішчук. Э-эх, Еўропа!.. Далікацтва якое ў абыходжанні… Выняў папяросу —— чыркаюць зажыгалку…
Вясніна. Затлуміла Еўропа табе галаву. Не ў далікацтве справа, а цябе вабяць хутары. Гэты самы капіталізм раз’ядае тваю душу…
Загароўская (падышла да Бондара). Кірыла! А ты ўсё злуеш? Хіба я для сябе клапачуся, — для дзяцей патрэбна хата-лабараторыя…
Бондар. Хату-лабараторыю пабудуем, а толькі не ў гэтым годзе… (Шамкі набліжаюцца.) Пакуль не выпадае… (Углядаецца, рады.) Едуць!
Вясніна. Хто-о?
Анішчук. Пэўна, радзіны якія. (Да Несцяровіча.) Ведаеце, што ён увёў. Распарадзіўся даваць на радзіны і вяселлі, а таксама для паездкі ў раён лепшых коней, і каб абавязкова чаплялі шамкі, і адзявалі выяздную збрую... з расквечанаю дугою... Трэба, кажа, каб калгас «Перамога» усюды грымеў… нялоўка, бачыце, пераможцам абы як ездзіць… А за ім цягнецца Касперскі, які не хоча ні ў чым адстаць… Так адзін другога і падганяюць… (Усміхнуўся.) Дзівацтва нейкае, дый годзе!..
Несцяровіч. Ніякага дзівацтва ў гэтым няма. У гэтым бачу я клопаты пра чалавека.
Бондар. Едуць суседзі на дапамогу. Унь барадач, Касперскі, на стаенніку. Дзе ён дастаў такія лейцы? Абганяюць нас… (Спяшаецца спаткаць.)