Несцяровіч (да Анішчука). А толькі вы можаце быць спакойнымі… вы папярэджвалі… (Да Бондара.) І артыкула няхай не пасылае ў газету, няма чым хваліцца.
Анішчук (збянтэжана). Раман Мікалаевіч! Гэта падрыў аўтарытэту.
Ярашэвіч. А вы самі яго падрываеце. Гаспадар у калгасе — паміж сходамі калгаснікаў — праўленне. А вы хацелі адзін заараць картоплю. Хіба-ж так можна!
Несцяровіч (да Ярашэвіча). І на абласную нараду, відаць, не варта яго пасылаць. Дарэмная трата часу і сродкаў.
Ярашэвіч. Правільна!
Несцяровіч (разважае). А калгас «Перамога» вялікі. Не шкодзіла-б, каб ад іх хто-небудзь паехаў, там шмат будзе карыснага. У нарадзе прымуць удзел акадэмікі, прафесары.
Бондар. Можна вылучыць палявода, Вясніну Настасю Піліпаўну. (Падумаў.) Вясніна, нават будучы ў партызанскім лагеры, праводзіла вопыты па вывядзенню розных сартоў бульбы. Людзі з аперацыі ідуць адпачываць, а яна на паляну, бульбу глядзець.
Несцяровіч. А хто ёй дапаможа прамову скласці?
Загароўская. Пэўна, Кірыла Рыгоравіч, ён Вясніну лепш за ўсіх ведае.
Бондар. Я магу. А толькі гэта не патрэбна, яна гаворыць, як рэпу сячэ.
Анішчук. Ого! Гамонка з яе вуснаў льецца, як з крыніцы вада. (Усміхнуўся.) Яна часам як разбушуецца, нібы вясновыя воды, тады ўсё ляціць, крышыцца, і ніяк не супыніш…
Бондар. А толькі Вясніна слоў на вецер не пускае.
Анішчук. Што праўда, то праўда; і ўпраўная каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць.