Анішчук. Колькі таго агародзіка, а столькі пра яго гамонкі… А што не засеяў палетку пад азімае, дык сам ведаеш — сілы бракавала.
Бондар. Калі правільна выкарыстаць тую сілу, якая ёсць, можна чорту рогі скруціць. (Пауза.) Вось поруч з намі калгас «Кастрычнік», я сёння аб’ехаў іх палеткі, гаварыў з старшынёю, ён сказаў, што не менш як па тры кілограмы возьмуць на працадзень.
Анішчук. Ты хацеў пагаварыць са мною з вока на вока, то я табе вось што скажу. Не хлеб цябе турбуе. Табе не падабаецца, што да мяне прымацавалі Аксеню Змітраўну Загароўскую, так? (Загароўская, якая ўвесь час размаўляла з Несцяровічам, насцеражылася.)
Бондар. А ты сам падумай, куды гэта годна, яна для цябе піша ўсе твае прамовы. Выходзіць, што ты, як папугай, паўтараеш чужыя думкі. А хіба ў цябе на карку няма свае галавы.
Анішчук (нервуецца). Не гэта цябе непакоіць.
Бондар. А што?
Анішчук. Ты да Аксені Змітраўны горнешся, а яна — бачком… (Загароўская, відаць, хвалюецца.)
Бондар. Усё ў цябе атрымоўваецца наадварот. (Загароўская аж падскочыла.)
Анішчук (насмешліва). А што, Аксеня Змітраўна на цябе заглядае, а ты ў другі бок адвярнуўся?..
Бондар. Ты сам да яе робіш залёты, а на другіх складаеш.
Анішчук (хітра). Выходзіць, што ты да яе роўнадушны?..
Бондар. Няма ў яе сталасці. Больш за ўсё хі-хі і ха-ха, ёй яшчэ ў лялькі гуляць.
Загароўская (не вытрымала). Ну і чысціць ён мяне… І, прызнацца, баліць…
Несцяровіч. А вы не прыслухоўвайцеся… Дык, значыць, план рэальны?