Перайсці да зместу

Старонка:Хлеб (1949).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Анішчук. Як гэта?

Бондар. А так. Трэба было даўно перанесці твой вопыт на поле. Было ў цябе тры гектары, перайшоў на трыццаць, сто… А ты топчашся на месцы. За цябе пішуць артыкулы, выбіраюць ва ўсе прэзідыумы… ты і заспакоіўся… лічыш сябе перадавым чалавекам у калгасе…

Анішчук (задаволены). Такім мяне і ў раёне лічаць.

Бондар. Не ўсе. Некаторыя ўжо разабраліся. А на самай справе, ты адстаў, а ў чым прычына, трэба будзе разабрацца. Мала гэтага, што адстаў, ты становішся наўпоперак дарогі…

Анішчук (яму непрыемна слухаць). Уга! (Хітра.) А як табе падабаюцца Загароўскай вопыты? З дзецьмі вывесці такую пшаніцу?

Бондар. І яна, і ты, саматужнічаеце.

Анішчук. Зайздросціш!?

Бондар. Наадварот, жадаю вам дабра.

Анішчук. Ха-ха! Не бачу гэтага. (Падумаў.) А цяпер ты выслухай мяне. (Наступае.) Ты захацеў быць першым па раёну, аддаў амаль усё жыта, падкапаў столькі бульбы і прадаў Ленінграду. Фармальна ўсё ў парадку. А па сутнасці: людзей на грамы пасадзіў; сапсуў столькі бульбы. Добры гаспадар так не робіць.

Бондар. Што належыць дзяржаве — аддай ёй у першую чаргу. Дзяржава — гэта мы, народ. Калі я не паклапачуся, другі… Не забывай, што ў нас на полі грэчка, кукуруза, бульба.

Анішчук. Вельмі смела! Гэта ты мог сабою рызыкаваць, а другімі — не выйдзе!

Бондар. А чаму ты летась не засеяў усяго палетку, які быў прызначаны пад азімае? А нябось пра сябе паклапаціўся… адвёў сярод поля агародзік… Глядзі, з дарогі звернеш, у балота трапіш…