Перайсці да зместу

Старонка:Хлеб (1949).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бондар. Як? (Падаўся наперад.) Я ішоў на таран і зусім не думаў пра залатую Звязду. (Наступае.) А ты… толькі і клапоцішся пра сябе… пра сваю асабістую славу…

Рыгорыха (перагарадзіла дарогу). А, сыночак, не трэба…

Бондар (нібы апамятаваўся). А хіба, маці, ты яшчэ тут? Ідзі. Нам трэба з ім пагаварыць з вока на вока.

Рыгорыха (напалохана). Дай слова…

Бондар (усміхнуўся). Можаш быць спакойнай, біцца не будзем.

Рыгорыха (дабрадушна). Па адной дарозе ідуць і, як маладыя дзеці, адзін другому пад бок штурхеля.

Бондар. Каб хутчэй дайсці куды трэба. А толькі ты, маці, не крыўдзіся.

Рыгорыха. Разам ідзіце ў вялікую дарогу. Тады хутчэй дойдзеце. (Пайшла.)

Анішчук (вышаў наперад). Ну, дагаварвай.

Бондар. Чаго ты ездзіў у раён?

Анішчук. Выклікалі адносна твайго праекта пяцігадовага плана калгаса. Хацелі выслухаць мае меркаванні. Са мной, братка, лічацца. А яшчэ, артыкул трэба напісаць для газеты пра вопытнае поле. (Ідуць Несцяровіч з Загароўскай, селі на лаўцы, чуюць размову.)

Бондар. І што там гаварылі пра пяцігадовы план калгаса?

Анішчук. Розныя людзі і па-рознаму гаварылі. Адны казалі, што важна мець план, а другія, што пяцігодка калгаса пабудавана на пяску. (Адчуваецца іронія.) Жартачкі — муры паставіць! пад чарапіцай! Нашы бацькі і пад саламянымі стрэхамі елі хлеб.

Бондар (цвёрда). Не, гэта можна зрабіць. А як народ загарэўся, колькі каштоўных прапаноў! (Марыць.) Зусім другой стане вёска.