Анішчук. Ты што, Кірыла Рыгоравіч, надумаўся рабіць?
Бондар. Угнаенне на поле вазіць. Прышлі трактары, зааруць лубін, і пайшлі да суседзяў.
Анішчук. Трактары? Машыны не даюць табе супакою. Прывык на вайне тэхнікай варочаць. А коні будуць гуляць?
Бондар. Хопіць і коням работы. Пакуль навозім на такі палетак торфу, ілу… (Падумаў.) І аднаўляць гаспадарку мы будзем на новай, больш высокай аснове. Машыны будуць працаваць.
Анішчук. Будзе тое, што і з грэчкай.
Бондар. А што грэчка? — паглядзіш якая вырасце. (Падумаў.) А чаму ты не выканаў пастанову праўлення і навазіў угнаення толькі на пяць гектараў, калі трэба было навазіць на ўвесь палетак. Выходзіць, адмяніў пастанову?
Анішчук (хутка). Не, я не адмяняў.
Бондар. А сарваў.
Анішчук (хоча перавесці размову). Ты ўзяў трактары, а чым будзеш плаціць…
Бондар. Ты не выкручвайся. (Злосна.) На тры дні затрымаць!.. Ідзі зараз жа і збірай народ. Хутчэй!
Анішчук. Гэта-ж можа не твая эскадрылля — па трывозе паднімаць. Надакучыла мне каманда! Хочацца, каб мяне не падганялі…
Бондар. Не толькі падганяць будзем, а прымусім па-сапраўднаму працаваць. Іначай — на ўсе чатыры бакі…
Анішчук. Ого! Не кажы так страшна. Мяне не спалохаеш. Што, захацеў дастаць другую Залатую Звязду, за працу? Цераз сілу пнешся. Тут «таранам» не возьмеш!..