Старонка:Ф. Аляхновіч. На вёсцы.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ганулька. Дурны ты! Што-ж ты тамака рабіць будзеш?

Стасюк. А буду вось жывёлу пасьвіць, як і тут.

Ганулька. Дурны Стасюк! Там пастухоў няма. Няма тамака ні палёў зялёных, ні гэтых горак, ні лясоў — ды сонейка інакш тамака сьвеціць…

Стасюк (здзівіўшыся). Няма? Дык як-жаж людзі там жывуць?

Ганулька. За тое іншых пекных рэчаў там ёсьць шмат. Крамы там з вялікімі-вялікімі вокнамі, а за шыбамі розныя пекныя лежаць матэрыі… А людзі там ходзяць усе такія выэлегантаваныя, у бліскучых боціках, на галовах капялюшы дзіўныя, а паненкі, у калеровых едвабях ды атласах.

Стасюк. І дзеля гэтага кідаеш ты мяне?.. (бярэ з зямлі вянок). У гэтакім вяночку на галаве ты для мяне прыгажэйшая за найпрыгажэйшую паненку у капялюшы… (кладзе ей на галаву вянок). Чакай… надзену на галованьку тваю і будзеш выгледаць як каралеўна.

Ганулька. Стасючок мой міленькі!.. (цалуе яго).

Стасюк (абыймае яе). Так добра тут! Тут сонцо сьвеціць ясна, тутака птушкі так весела пяюць, а калі ты пры мне, здаецца, што вось-вось неба адчыніцца перэда мной, — так добра мне, так шчасьліў я!.. А ты цяпер пакінуць мяне хочаш так бяз жалю, назаўсёды!..

(пяе):

Так хораша, добра жылося
У вёсцы нам родненьнай той,
Шумелі у полі калосься,
А мы йшлі, абняўшысь, мяжой.

Цябе мо ужо не пабачу,
Калі цяпер кінеш мяне,
Ганулька, мей літасьць, я плачу,
Бо надта люблю-ж я цябе…