Старонка:Ф. Аляхновіч. На вёсцы.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маш, ён падвязе мяне на станцыю, а адтуль я ўжо адна паеду на чыгунцы да места.

Стасюк (як выж.). На што да места?! на якую службу?

Ганулька. Панам, каторыя тут маюць маёнтак, патрэбна пакаёўка, і яны хочуць узяць мяне… Вось радасьць! буду па чыстых пакоях хадзіць, на мягкіх крэслах сядзець, лёгкую работу рабіць!.. Ах, Стасюк, як мне хочацца да места!.. Ты дурны — ты ня ведаеш, што гэта значыць… Ты ніколі там ня быў, а я раз адзін была. Дамы тамака вялікія, вялікшыя за нашы касьцёлы ды мураваныя! А людзей жа там шмат! і ўсе бягуць-бягуць, кудыйсьці сьпешаюцца ажно сьмех бярэ.

Стасюк (сумна). А мяне пакінуць табе нічагусенькі не шкада?

Ганулька (ня шчыра). Шкада, Стасюк, але нічога не парадзіш, калі бацькі пасылаюць мяне туды.

Стасюк. Я бачу, што і сама ты гэтага вельмі хочаш.

Ганулька (трохі злостна). Дык што? Хачу, ці не хачу — ехаць трэба.

Стасюк. Калі-б ты не захацела, то і не было-б трэба.

Ганулька. А што-ж мне тутака рабіць? Усё жыцьцё тутака сядзець, марнаваць сваё жыцьцё тутака?! Мне хочэцца жыць інакш.

Стасюк. Вось як! Значыцца, тое, што ты калісь казала, што любіш мяне — гэта непраўда. Непраўда, калі цяпер ты гэтак з лёгкім сэрцам кідаеш мяне на заўсёды!

Ганулька (ня шчыра). Ды не на заўсёды! Вось прыеду тутака можа у другое летка — тагды ізноў пабачымся.

Стасюк. Так доўга гэтага чэкаць! Я-ж хіба тут памру с тугі па табе!.. (раптам). Ганулька! і я паеду с табой да места!