род рознакалёрнай масы тутэйшых вучняў бачым Грэка і Русіна (падчыркн. наша), Андалюзца і Шкота..." (9). Кожны з іх сьпяшаўся proficiscens in Italiam studii gratia, не зважаючы на далёкую і няраз рызыкоўную падарож.
З увагі на тое, што шмат Русінаў і Літвіноў пападала ў падуанскі унівэрсытэцкі album з этыкетай польскай, ня ёсьць нам абыякава, колькі палякоў іматрыкулявалася ў Падуі у ХVІ ст. Вось-жа было іх нешта 1800, прыгэтым у дзесяць разоў болей студыявала права, як мэдыцыну.
Ёсьць студэнцкія апісаньні, што адмалёўваюць выгляд Падуі, калі да яе пад'яжджалася. Вось што ў трэцяй асобе піша адзін у сваім itinerarium. "Урэшце стануў перад Падуай. Пабачыў яе ў раньнім сонцы, цудоўна распаложаную, як гурыска, на мяккай пасьцелі вінаграду; тапалі і цыпарысы аздабляюць ейнае ложа, а лёгкі вецярок прыносе запах красак і насалоды.
Гэта-ж сапраўды жыцьцё, якога жадаю, а як маю грошы, чамуж мне з яго не скарыстаць?" (12). Гэтак ці падобна мог думаць сын паўночнага Полацку, калі ў сваей пазаальпэйскай падарожы першы раз вітаў зрокам і сэрцам Padova dotta.
А як выглядаў падуанскі студэнт? Як дапушчальна апранаўся Францішак Скарына? Падуанскі студэнт, гэта тып тагачаснага элеганта. У панчошках да кален і шоўкавай сарочцы ахінуўшыся лёгка аксамітным плашчам, абшытым футрам, ідзе сабе па вуліцах Падуі гібка і з вяліка-мяшчанскай самапэўнасьцю, маючы пад рукою бліскучую шпаду. На галаве абведзены калёрным шнурам мяккі і высокі капялюх, ад якога адстае прэтэнсыянальна некалькі пёраў; на шыі бела-сьнежная крыза, што ў карунках набірае далікатных і мяккіх контураў, а адусюль залятае пэрфум і піжмы, з хустачкі, рукавічак, вусікаў і валасоў... Дык жыцьцё тут кіпела магутна, даючы міліённыя праявы як заўсёды сумныя і вясёлыя. Гэтае жыцьцё мела нікаторыя характэрыстычныя рысы, якіх прамаўчаць нельга, а іменна, што было вельмі інтэлігентнае і вельмі разнастайнае" (12-13). Ведама, найлепей матарыяльна меліся ў Падуі сыны вялікіх паноў з беларускіх земляў, напр. Радзівіллы, Сапегі і іншыя магнаты з усходніх рубяжоў і паўночных старон, што ехалі сюды ці то на студыі (addiscendae linguae Italicae gratia), ці то ў купальні (cauza recuperandae valetudinis), што былі блізка Падуі. Столькі тут іх прыяжджала, што аж паўстала contubernium цi hospitium Polonorum (14), у каторым ні адзін напэўна Беларус і Літвін пабываў. Падуа магла хваліцца, што тут вучылася "нешта з шэсьць папежаў, некалькі каралёў і князёў, шмат вучоных і павадыроў" (15), а сярод іх Баторы і Капэрнік, таксама пазьнейшы жмудзкі біскуп Юры Альбініус (1538), менш ведамы як лацінскі паэт.
"Годным увагі зьяўляецца наплыў у Падую студэнтаў і дзеля таго, што тэрыторыяльна сягае вельмі далёка. Ужо Ажэхоўскі кажа, што многа шляхты з Чырвонай Русі ехала ў 1549 г. на унівэрсытэты заальпійскія; а ў мэтрыцы нацыянальнай