прыналежнасьці знаходзім імёны, якія самым толькі гукам прыпамінаюць цёмныя літоўскія лясы або задуманыя пабярэжжы Жмудзі. Кіняшко, Копэць, Сапоцько[1] мусіць першы раз тады паказываюцца на картах унівэрсытэцкіх мэтрыкулаў, і з над Адрыятыку перавозяць у Бацькаўшчыну зерне вялікай цывілізацыі, каторую бязсумлеву не маглі агарнуць, але каторая іх імёнам дадае блеску не малой новасьці. Адначасна спасярод малапольскай і рускай (падч. наша) шляхты выдзяляюцца індывідуальнасьці, каторыя сяньня яшчэ зьдзіўляюць. Такія прозьвішчы, як Возачэнскі, Окрэнгліцкі, Мышчынскі, Міцкіцкі, Чолханскі гучаць нясвойска ў вушах гісторыка цывілізацыі. З якіх куткоў яны выйшлі, якім спосабам вырваліся з самотных сядзіб сваіх, да каторых дагэтуль ніхто не дайшоў, апрача толькі каралеўскага камісара ці голасу пабудкі на Татара, вось новае пытаньне пад развагу" (25). Часьць падуанчыкаў, калі гэта былі праўнікі, працавала посьле у загранічнай дыплёмацыі, часьць варачалася ў край і абымала становішчы гарадзкіх пісараў і судзьдзяў. У ліку гэтых паводле жаролаў знаходзіцца нейкі А. Станкевіч (1595). Падуанчыкамі былі: Літоўскі падскарбі Крыштоф Нарушэвіч (1588), які адзначаўся вялікай сумленнасьцяй, далей віленскі войскі Ян Абрагамовіч (1598), ведамы аўтар брашуры "Думка Літвіна аб таннай куплі збожжа а дарагой продажы" (1595), урэшце маршалак шляхты вілкамерскага павету Раецкі, пазьнейшы камісар дзеля пагранічных курляндзкіх спраў, уканцы маршалак літоўскага трыбуналу. Такіх людзей выдала Падуа, якая нам дала Скарыну.
Дзеля таго аднак, што вялікі Палачанін вучыўся ў Падуі мэдыцынскіх навук, зьвернем асобную ўвагу на іх ровень у тамашнім унівэрсытэце. Падуа ў ХVІ стагодзьдзі мела асабліва добра пастаўленыя студыі мэдыцынскія (і праўныя), пры гэтым у гэтай галіне быў новы кірунак, паводле якога „мэдыцына пасуваецца наперад ня колькасьцю камэнтараў, але лікам умела дасьледжаных зьявішчаў" (32). І тадыж паявіліся аматары. Гэткую на паказ лекцыю анатоміі знаходзім увечненую ў аднаго з тагачасных маляроў.
Падуанская мэдыцына мела ў ХVІ ст. чарод выбітных прафэсараў. Праф. Віндакевіч прывёў чарод прозьвішчаў, якіх тут не пералічаем, бо адносяцца пераважна ўжо да другой палавіны ХѴІ ст., калі Скарына быў ужо ў іншым месцы. Сярод падуанскіх практыкаў пераважалі галеністыя, г. зн. тыя, што трымаліся, старасьвецкага тэксту з некарысьцяй для навукі і досьледау" (37). Інтэрэсаваліся ў Падуі нават нашым палескім каўтуном, пэўнеж не бяз нашега учасьця, прычым прафэсар Гэркулес Саксонія побач з іншымі трымя аўтарамі выдаў так-жа расправу: De plica quam Poloni gwozdziec, Roxolani colthunum vocant liber.
- ↑ Пазьней былі тут Пётра Косьцюшко і Давід Міцкевіч ех Magno Ducato Lituanicae.