Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга Саюзу Р.С.Д.П. ня маюць спэцыфіч­нага мясцовага характару, а зьяўляюцца толькі адбіткам ахапіўшай тагочасную Расію рэволюцыйнай хвалі. Насіцельніцай ідэі беларускага нацыянальна-політычнага руху заставалася „Беларуская Соцыялістычная Гра­мада", аб'яднаўшая наўкола сябе ўсе беларускія опозыцыйныя сілы, лік якіх павялічыўся, дзякуючы 1905 году, і змусіўшая пэўны контынгэнт інтэлігэнцыі ўзяцца за справу нацыянальна-політычнага адраджэньня беларускага народу. Штаб „Рэволюцыйнай Соцыялістычнай Грамады" зна­ходзіўся ў Вільні. Агульна-рэволюцыйна-нацыянальны пад'ём змусіў Гра­маду склікаць ІІ зьезд у Менску для канчатковае апрацоўкі нацыянальна-політычнай програмы ў 1906 г. Новая програма высунула тыя-ж лёзунгі, якія былі прыняты на першым устаноўчым зьезьдзе; толькі ўсе яны атры­малі больш конкрэтную формуліроўку: так, напрыклад, аўтономія была заменена ідэяй фэдэрацыі.

Організуючая чыннасьць Б.С.Г. у выніку свайго посьпеху атрымала організацыю „Беларускага Сялянскага Саюзу" (1906 г.) і „Беларускага Настаўніцкага Саюзу" (1907); на зьезьдзе настаўнікаў у Вільні Б. С. Г. удалося організаваць на тэрыторыі Беларусі шэраг нелегальных сялян­скіх зьездаў, а таксама дапамагчы ўтварэньню профэсыянальных саюзаў сярод рамесьнікаў і рабочых: шаўцоў, цырульнікаў. Такім-жа самым па­радкам Б. С. Г. пакрывае Беларусь цэлаю сеткай культурна-асьветных гурткоў і організацыяў. Вільня зрабілася настаяшчым культурным і політычным цэнтрам Беларусі. Агульна-політычныя ўмовы, надышоўшыя ў першарэволюцыйны пэрыод, у значнай долі сьціскалі размах беларускага нацыянальнага й політычнага руху. Політычная рэакцыя зрабіла вельмі труднаю масавую політычную працу. Вымаганьні політыкі адыйшлі на другі плян перад нацыянальна-культурнымі мэтамі й задачамі. Аднак рэволюцыйная хваля ня скора стала ў свае берагі. Сялянская маса не хацела ды й не магла мірыцца з аб'яднаным польска-расійскім капіталам. Протэст яе выяўляўся ў пастаянных схватках з аб'яднаным зямельным капі­талам. Перад пагрозай соцыяльнай рэволюцыі зямельныя капіталы, спра­чаючыся й політычна конкуруючы паміж сабой, на час адмовіліся ад барацьбы й супарніцтва і выступілі на змаганьне з варожымі ім соцыяльнымі групамі аб'яднаным фронтам.

Такім парадкам, абудвы лягеры гатаваліся да тэй барацьбы, якая зрабілася ўсебеларускай, стыхійнай, штуршок да якое дала першая рэволюцыя 1917 году і канчатковым этапам якое зьявілася Кастрычнікаўская Вялікая Рэволюцыя, вызваліўшая сялянства ад усякай залежнасьці ад польска-расійскага капіталу, бо самы капітал быў зьнішчан назаўсёды. Перад нацыянальна-культурным адраджэньнем адчынілася большая мажлі­васьць і шырокія пэрспэктывы.

IV.

На тэрыторыі Беларусі жыдоўскі народ зьяўляецца другою па лічбе групаю жыхарства. Пачаўшы засяленьне Літвы й Беларусі ў XIV стаг., у сувязі з казацкім рухам на Ўкраіне, гэты народ пакінуў тэрыторыю апошняй і перасяліўся ў большасьці ў гарады й мястэчкі Беларусі. У пэрыод існаваньня самастойнага Літоўска-Беларускага гаспадарства, а потым і Рэчы Паспалітай, у склад якое ўвайшла, як адзіная непадзельная частка, Літва й Беларусь, жыды йгралі відную ролю ў гаспадарцы дзяр­жавы, а асабліва ў пэрыод яе гаспадарчага росквіту ў XVI стагодзьдзі, покуль польскі зямельны капітал не зрабіў зьнішчаючага ўдара жыдоў-