Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Польскае паўстаньне 1863 г., захапіўшае й частку Беларусі, было сьмелаю, адважнаю, гэройскаю пробай польскага зямельнага капіталу, моцным узмахам рэволюцыйных крыльляў скінуць з сябе экономічную й політычную дыктатуру расійскага зямельнага капіталу. Польскі зя­мельны капітал у сваім імкненьні знайсьці сьвежыя грамадзянскія сілы, на якія ён-бы мог апірацца, імкнуўся ўцягнуць у змаганьне з царызмам беларускае сялянства, але гэтыя спробы, дзякуючы соцыяльна-клясавай розьніцы, значнага пасьпеха ня мелі. Беларускае сялянства засталося збоку маўчлівым сьведкам тае палкае й жорсткае барацьбы паміж поль­скім і расійскім зямельнымі капіталамі, якая адбывалася наўкола яго. Для беларускага сялянства было аднолькава, чый капітал выйдзе пера­можцам з гэтай палкай няроўнай барацьбы. Політычным пераможцам выйшаў з гэтай схваткі расійскі зямельны капітал. Урачыста сьвяткуючы сваю перамогу, расійскія земляўласьнікі ня скупіліся на рэпрэсіі і далі волю й разгул сваім дзікім інстынктам. Нацыянальна-політычны разгул расійска-зямельнай рэакцыі стварыў для беларускай нацыянальнасьці немажлівыя варункі для нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Апошняе было змушана затрымацца ў сваім росьце, бо беларускае сялянства, збаўленае само на сябе, не магло зьнішчыць стаяўшых на яго шляху пера­шкод. На Беларусі ня было опозыцыйных сіл. Беларускае сялянства экономічна й політычна было забітае і выяўляла сабою досыць нязначную ў політычных адносінах сілу. Беларускай буржуазіі ў літаральным сэнсе ня было. Гарады былі заселены русіфікатарскімі чыноўнікамі, вайсковымі й абру­сеўшым жыхарствам; большую-ж частку жыхарства складала жыдоўства, якое выяўляла сабою рэволюцыйную сілу ў далёкай будучыне. Польскі й расійскі зямельны капітал, пры ўсіх сваіх супярэчнасьцях, рабіў паміж сабою згоду й компромісы ў справе эксплёатацыі сялянства і ў зма­ганьні супроць яго нацыянальна-політычных імкненьняў. На Беларусі ня было студэнцтва, якое ў пэўных політычных умовах зьяўляецца буйнай рэволюцыйнай сілай, штурхаючай народную масу да абуджэньня. Усе гэтыя соцыяльныя ўмовы вызначалі няхуткі тэмп беларускага нацыяналь­нага опозыцыйнага руху. Нарадзіўшыся ў гурткох беларускі нацыянальны рух у далейшым робіць шырокі ўплыў на жыхарства, захопліваючы сабою шырокія колы беларускага грамадзянства. Заснаваная ў Пецярбурзе ў 1902 г. „Беларуская Рэволюцыйная Грамада", якая зрабілася ў хуткім часе „Беларускай Соцыялістычнай Грамадой", была тыповым вузкім рэволюцыйным гуртком, галоўнымі ўдзельнікамі якое была вучнёўская мо­ладзь Пецярбургу. Грамада шырока разгарнула сваю агітацыйна-пропагандыцкую чыннасьць, аставіўшы выразны сьлед у гісторыі нацыянальнаполітычнага адраджэньня беларускага народу. „Беларуская Соцыялістычная Грамада" выступіла з трэбаваньнем тэрыторыяльнае аўтаноміі з сой­мам (Вільня) і дараваньнем шырокай нацыянальна-культурнай аўтаноміі для ўсіх нацыянальных меншасьцяў на тэрыторыі Беларусі; адначасна-ж зазначала на неабходнасьць скарэйшай распрацоўкі зямельнай програмы на падставе бязвыкупнай конфіскацыі прыватна-ўласьніцкіх і дзяржаўных зямель. Агітацыйная дзейнасьць „Беларускай Соцыялістычнай Гра­мады" дала некаторыя практычныя вынікі, але значнага ўплыву яна ня мела, і толькі ў 1905 г., дзякуючы рэволюцыйным здарэньням, „Беларуская Грамада" змагла выйсьці за межы свайго гуртка і перанесьці сваю дзей­насьць на шырокія народныя колы. Рэволюцыя 1905 г. дала штуршок масаваму руху беларускага сялянства, якое паўстала супроць дыктатуры зямельнага капіталу. Гэтыя масавыя выбухі беларускага сялянства пад