Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

той бунтаўшчык і здраднік", беларусы павінны быць толькі праваслаў­нымі, зьлейшыя ворагі беларусаў — палякі й жыды, беларусы не павінны ствараць свае асобнае літаратуры—расійская іх зусім здавальняе, дык польская шовіністычная група зрабіла ў вышэйнапісанай формуле няз­начныя зьмены: заместа самаўладства паставіла ўсепольскую ідэю, замест праваслаўя— каталіцызм, ворагамі беларусаў выстаўляюцца велікарусы, „беларусы павінны здавальняцца польскай літаратурай". У беларускім руху польскія патрыёты ўбачылі толькі антыпольскую інтрыгу ў той час, як расійскія патрыётычныя колы ўбачылі толькі інтрыгу тых грамадзян­скіх груп, якія ўвесь час імкнуліся к аддзяленьню Беларусі ад Польшчы, і лічылі яе краем выключна польскім. Аднак, беларускі нацыянальны рух, ня гледзячы на ўсе перашкоды, стаяўшыя на яго шляху, шырыўся й разьвіваўся і ў сваім паступовым разьвіцьці набываў характар настаяшчага нацыянальнага руху. Так цягнулася да 1914 г., да пачатку імпэ­рыялістычнай вайны, калі тысячы беларусаў былі сілаю змушаны зьняцца з сваіх наседжаных месцаў і перасяляцца ў цэнтровыя губэрні Расіі. Няўдача расійскай арміі на заходнім фронце, пацягнуўшая за са­бою падзел Беларусі на дзьве часткі—Заходнюю і Усходнюю—спрыяла адраджэньню нацыянальна-культурнай ідэі ў окупаваных абшарах, пера­важна ў Вільні, дзе браты Луцкевічы зьявіліся тым цэнтрам, наўкола якога пачалі яднацца насіцелі ідэі беларускага нацыянальнага культур­нага руху. Нацыянальна-культурная праца ва Ўсходняй Беларусі стала мажлівай, ды й то ў вельмі вузкіх рамках, толькі ў часе окупацыі Бларусі польскімі войскамі.

ІІІ.

Беларускі нацыянальны рух у сваім разьвіцьці цесна зьліваецца з рэволюцыйным настроем беларускіх грамадзкіх сіл. Гэта раўналежнасьць нацыянальнага й політычнага руху была значнай у эпоху рэволюцыйнага ўздыму ў 1905 г. і ў рэволюцыйны 1917 год. У гады політычнай рэакцыі нацыянал-культурнікі адыйшлі ад політыкі і аддалі ўсе сілы выключна справе нацыянальна-культурнага адраджэньня. Сувязь чыста культурнага руху з політычным дыктавалася ўсёй лёгікай тагочасных політычных здарэньняў і адносін. Нацыянальна-культурны рух—гэта паўстаньне ўсіх прыдушаных і прыніжаных русіфікатарскай політыкай царскага ўраду, які адчуваў сябе на Беларусі досыць цьвёрда і ўпэўнена. Нацыянальна-культурны рух— імкненьне абудзіць нацыянальна й агульна чалавечае самапазнаньне ў беларусе-селяніне для таго, каб вызваліць яго ад політычнага й культурнага ярма, якое скавала яго духоўнае й політычнае разьвіцьцё. Беларускі нацыянальна-культурны рух—гэта дэклярацыя, абвяшчаўшая ўсяму сьвету, што беларускі народ жыве й жадае жыць сваім самастойным нацыянальным культурным жыцьцём. Зьдзяйсьненьне ўсіх таемных плянаў кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху бязумоўна было немажліва пры рэжыме царскага ўраду. Вызваленьне народу ад нацыянальна-культурнага ўціску павінна было йсьці раўналежна з ба­рацьбой за вызваленьне ад політычнага дэспотызму расійскага самаўла­дзтва. Гэта вельмі добра разумелі насіцелі ідэі беларускага культурнага адра­джэньня, палкія прыхыльнікі ня толькі політычнага вызваленьня ад са­маўладства, але й першавесьнікі новых умоў для політычнага жыцьця бе­ларускага народу. Рэволюцыйны настрой увесь час пераплятаўся з нацыянальна-культурным, і сіла апошняга дасягнула ў момант вялізарнейшага рэволюцыйнага напружаньня.