Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ходні Край, дзеячы беларускага руху толькі ў гэтай форме маглі гава­рыць і пісаць аб прошлым і сучасным Беларусі. Для гэтага пэрыоду беларускага нацыянальнага руху маюць вялізнае значэньне выданьні «Северо-Западнога» календара, выйшаўшага ў Маскве ў 1889—1890 г. пад рэдакцыяй быўшага буйнейшага дасьледчыка Беларусі пр. М. В. Даўнар-Запольскага пры чынным удзеле В. Завітневіча, які пасьля быў пр. Кіеўскай Духоўнай Акадэміі. У «Северо-Западном» календары Бела­русь мысьлілася, як край, зусім асобны ад Польшчы ў этнографічнай і гістарычна-культурнай будове, які зьвязаны з Расіяй агульна-політычнымі й экономічнымі ўмовамі, але этнографічна й культурна ад яе абасоблены. Усе гэтыя кіруючыя ідэі прыходзілася выказваць вельмі асьцярожна, бо ў праціўным выпадку мажлівасьць легальнага слова была-б забаронена. Для гэтага пэрыоду нацыянальна-культурнага руху Беларусі вельмі ха­рактэрна навуковая дзейнасьць А. П. Сапунова, аўтора „Витебской Ста­рины" і шэрагу другіх прац па гісторыі Беларусі, у асаблівасьці па Ві­цебшчыне. Працы Сапунова вельмі аднабочны па сваіх пунктах погляду. Яму не ўдалося мінаваць крайнасьцяў пры ідэолёгічнай іх пабудове. Аўтор зазначае выразную асаблівасьць Беларусі ад Польшчы, заўважваючы ўсе адмоўныя ўплывы Польшчы на Беларусь, робіць гэта далёка не ў об'ектыўным навуковым відзе. З другога боку, у працах А. П. Са­пунова нязвычайна моцны расійска-праваслаўны пункт погляду, які гато­вы апраўдаць у імя змаганьня з Польшчай усе мерапрыемствы царскага ўраду. Гэты пункт погляду зводзіць да нічога многія працы А. П. Сапу­нова, але апошні, як выдаўца матар'ялаў па гісторыі Беларусі, вынятых з цэнтральных архіва-хавальняў, займае віднае месца сярод дасьледчы­каў мінуўшчыны Беларусі.

Беларусь у гістарычным культурным напрамку была менш за ўсё вывучана. Без гістарычнага фундамэнту ня можа быць сільнага й цьвёрда-абаснованага нацыянальнага культурнага руху. Вывучэньне Беларусі ў яе мінуўшчыне дыктавалася ўсім ходам разьвіцьця гістарычнай навукі ў Ра­сіі. Гэты рух, часткаю радзіўшыся ў 60-х гадох, атрымаў вялікае разь­віцьцё ў канцы 80-х гадоў. Ён сконцэнтрыраваўся галоўным чынам у ко­лах унівэрсытэцкіх. За адсутнасьцю Унівэрсытэту на Беларусі навуковыя досьледы рабіліся за межамі апошняй, галоўным чынам у Кіеве, Маскве й Пецярбурзе. Гэты навуковы рух, у якім прымаў удзел шэраг выдатных адмыслоўцаў, як Н. І. Кастамараў, В. Б. Антановіч, П. Н. Галубоўскі, М. В. Даўнар-Запольскі, Д. І. Багалей, В. Е. Данілевіч, М. С. Грушэўскі, А. С. Грушэўскі, Е. Ф . Карскі, М. К. Любаўскі, В. І. Леантовіч, І. І. Лаппо, Н. А. Максіменка, І. А. Маліноўскі, В. І. Пічэта, В. А. Паноў, П. Н. Жуковіч, В. А. Харламповіч, А. А. Савіч, ня гледзячы на розны падход да вывучэньня зьяваў прошлага жыцьця Беларусі, даў вялікі матар'ял для тэорытычнага абаснаваньня беларускага нацыянальна-куль­турнага руху.

З пачатку XX стагодзьдзя хваля беларускага нацыянальнага руху падымаецца ўсё вышэй і вышэй. Аб'яднаны расійска-польскі зямельны капітал, памірыўшыся адзін з другім на грунце самай бязьлітаснай экс­плёатацыі беларускага селяніна, пачаў уважна прыслухоўвацца да таго народнага абурэньня, якое выходзіла з глыбіні беларускага сялянства, вынікі выбуху якога для земляўласьніцкае клясы былі небясьпечны. На грунце забароны земляўласьніцкага капіталу адбываецца канчатковае збліжэньне польскага й расійскага зямельных капіталаў.