Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шага свайго росту на Беларусі. Польскае паўстаньне ў 1863 г. спрыяла паяўленьню і антырэволюцыйных вершаў, таксама напісаных на беларус­кай мове й прыстасаваных для беларускага селяніна. Да беларускай мовы зварочваліся й цэрквы—як каталіцкая, так і праваслаўная. Розныя кнігі рэлігійнага зьместу былі выданы на беларускай мове католікамі ў Вар­шаве, Несьвіжы, Менску. Асьветная дзейнасьць прадстаўнікоў праваслаў­най цэрквы, выявілася толькі ў надрукаваньні аднае кніжкі на беларускай мове. Так пачыналася адраджэньне беларускае мовы, як фактара нацы­янальна-культурнага, але гэты рух, узьняўшыся пад уплывам рзволюцыйнага настрою польскага зямельнага капіталу, не атрымаў далейшага разьвіцьця, дзякуючы таму, што польскі капітал быў разьбіты. Па зьні­шчэньні паўстаньня 1863 г. для беларускага нацыянальнага руху ства­раюцца нязвычайна дрэнныя ўмовы.

Запанаваўшы расійска-дваранскі капітал ня мог дапусьціць нацыя­нальна-культурнага руху сярод беларускага народу, баючыся магчымасьці разьвіцьця сымпатыяў да польскасьці. Усякага роду друк на беларускай мове быў забаронены. Аднак польскае паўстаньне 1863 г., захапіўшае часткі тэрыторыі Беларусі, дало штуршок «да хаджэньня ў народ» з мэтаю вывучэньня беларускае мовы, этнографіі й народнай літаратуры. Гэты рух, у якім прымалі ўдзел большай часткай не беларусы, як П. Бяс­сонаў, Н. Гільдэбрандт, Насовіч і іншыя, даў мажлівасьць азнаямленьня з духоўнаю прыродаю беларуса, яго жывою моваю й бытам, а таксама ў той-жа час выразна вызначыў раз назаўсёды асаблівасьць беларускай нацыянальнасьці ад велікарускага народу. Жывая мова народу была яс­кравым паказчыкам гэтай асаблівасьці. Так хаджэньне ў народ устана­вілі факты існаваньня беларускага народу. Беларускае нацыянальнае адраджэньне пачынае йзноў выяўляцца з канца 80-х гадоў, паступова нарастаючы к канцу прошлага стагодзьдзя. Гэта адраджэньне нацыяналь­нага руху было нямінуча. Экономічнае становішча сялянскай масы было нязвычайна цяжкое. Пераважваючы на тэрыторыі Беларусі польскі зямельны капітал, адмовіўшыся ад романтычных хімэр і мараў, стаў на шлях рэальнай політыкі: ён пачаў бязьлітасна эксплёатаваць беларускую ся­лянскую масу, экономічна пастаўленую ў вельмі цяжкія ўмовы. У гэтымжа кірунку дзейнічаў і больш слабы зямельны расійскі капітал. Разь­віцьцё таварнае гаспадаркі на Беларусі стварала яшчэ больш цяжкія ўмовы для жыцьця беларускай вёскі. Нарэшце, русіфікатарская, нічым ня прыкрытая політыка яшчэ больш заблытвала нацыянальна-політычныя-адносіны на Беларусі. Усе гэтыя об‘ектыўныя ўмовы далі штуршок да но­вага ўздыму нацыянальна-культурнай хвалі. Вышыня ўздымў апошняй была розная ў той ці іншы момант. Уздымы пэрыодычна зьмяняліся з ападамі, але спыніць гэты рух было фактычна немажліва. Уся лёгіка ад­носін і здарэньняў была за яго. Гэты новы ўздым нацыянальна-культурнага руху закладваў фундамэнт для больш грунтоўнага ў будучыне на­цыянальна-культурнага разьвіцьця. Беларускі нацыянальна-культурны рух пераплятаецца самым цесным парадкам з нацыянальна-політычным, пер­шыя праменьні якога ўжо можна знайсьці ў нелегальнай беларускай га­зэце „Гоман", якая праводзіла вельмі вызначаныя ідэі аўтономіі Беларусі. Паміж іншым, для разьвіцьця гэтай ідэі тагачасныя політычныя ўмовы вельмі мала спрыялі. Беларускія інтэлігэнтныя дзеячы, выйшаўшыя з ду­хоўнага мяшчанскага й чыноўнічага асяродку, выпіхалі на першы плян ідэю вывучэньня Беларусі як у нацыянальна-культурнай мінуўшчыне, таксама і ў сучасным яе становішчы. Мысьлячы Беларусь, як Паўночна-За-