Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ФОРМЫ НАЦЫЯН. Й ОПОЗЫЦЫЙНАГА РУХУ НА БЕЛАРУСІ.

159

Першапачатковае яго праніканьне было нязначна, але пасьля 1519 г. польскі зямельны капітал атрымаў поўную волю й мажлівасьць для свай­го распаўсюджваньня, бо ўмовамі Люблінскае вуніі адмяняліся ўсе абме­жаваньні, не дазваляўшыя польскай шляхце прабірацца на тэрыторыю Беларусі. Ступень распаўсюджваньня польскага зямельнага капіталу на тэрыторыі Беларусі была не аднолькава: большая ў Заходняй, чымся ва Ўсходняй Беларусі. Адыход Беларусі ў выніку надзелу Польшчы да Расій­скай імпэрыі пацягнуў за сабою конфіскацыі некаторае часткі зямельнае ўласнасьці, належаўшай палякам, што дало мажлівасьць пранікнуць і за мацавацца расійскаму зямельнаму капіталу. Пасьля паўстаньня 1863—1864 г. польскае земляўласьніцтва было пастаўлена ва ўмовы, не аднолькавыя з расійскім. Расійскі зямельны капітал у сваім імкненьні выпіхнуць польскі, атрымаў усебаковае падтрыманьне ад расійскага ўраду, які сваімі законадаўчымі абмежавальнымі распарадкамі імкнуўся паставіць польскае земля­ўласьніцтва так, каб яно больш не распаўсюджвалася. Побач з буйным і сярэднім польскім земляўласьніцтвам існавала дробнае шляхецкае земля­ўласьніцтва, прадстаўнікі якога гардзіліся сваім шляхецкім пахаджэньнем і былі выдатны консэрватызмам свайго быту. Урэшце ў беларускіх гара­дох маецца пэўны лік польскага жыхарства. Найбольшы лік апошняга выпадае на Вільню, у якой польская культура знайшла добра спрыяючы грунт для свайго захаваньня. Польскі элемэнт на тэрыторыі Беларусі адносна ўсяго беларускага жыхарства складае нязначны процант, але ён найбольш культурны, што надае сваеабразны адбітак культурнага жыцьця ў Заходняй Беларусі. Польскі нацыянальны элемэнт аж да 1905 г. зай­маў становішча абарончага з боку наступаючага расійскага ўраду. Праў­дзіва было трагічнае становішча польскага зямельнага капіталу, які быў сьціснуты ў сваім разьвіцьці і якому ў сваім наступленьні на сялянскую рабочую масу даводзілася змагацца з сваім галоўным ворагам—расійскім зямельным капіталам. Гэта політыка змушанае згоды вымушала земляўласьнікаў ісьці на ўсялякія ўступкі перад расійскім урадам, нават пры добрых выпадках выяўляць свае монархічныя імкненьні, што давяло нават польскіх земляўласьнікаў прымаць удзел у Вільні пры адчыненьні помніка Кацярыне ІІ. Гэта «угадаўшая» програма—сьведка панічнага страху, якім у прадчуваньні нямінуча-ідучых рэволюцыйных здарэньняў быў ахоплен польскі зямельны капітал, органамі якога была выдаваўшаяся ў паўночнай сталіцы газэта «К». Пэўная частка польскіх земля­ўласьнікаў не забыла аб самастойнасьці Польшчы ў межах 1772 г. «Уга­даўшая» тактыка выклікала ў іх пачуцьцё найвялікшага абурэньня. Не замірэньне, не актыўная праца з расійскімі земляўласьнікамі і стаячым за ім расійскім урадам, а барацьба за нацыянальна-політычнае адра­джэньне—вось бліжэйшая нацыянальна-політычная програма, якое трэба было трымацца польскім земляўласьнікам на Беларусі, — так думала пэў­ная частка польскіх земляўласьнікаў. Гэтая нацыянал-дэмократычная пар­тыя, паставіўшы сябе па-за ўсякія сувязі з соцыяльна-процівалеглым бела­рускім жыхарствам, выяўляла досыць актыўную дзейнасьць, паднімаючы такім парадкам у польскім грамадзянстве нацыянальныя непрымірэнчыя пачуцьці. Польскія земляўласьнікі, гордыя сваёю культурнаю пера­важнасьцю, разглядалі Беларусь, як край польскі, як складаную частку будучай рэстаўраванай Польшчы. Памылкі такое нацыянальна-політычнае позыцыі наглядна выявіліся ў 1905 г.

Беларускі нацыянальна-культурны й політычны рух змусіў польскі элемэнт на Беларусі адмовіцца ад свае абасобленасьці; гэта й піхнула