Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

фэрэнтна да гэтага нацыянальна-політычнага руху не засталася й жыдоўская вучнёўская моладзь. Так, студэнты жыдоўскага настаўніцкага ін­стытуту ў Вільні выступілі з наступным трэбаваньнем: 1) хутчэйшага спыненьня вайны й скліканьня ўстаноўчага сходу, абранага на падставе агульнага, роўнага й простага галасаваньня; 2) нацыянальнае свабоды; З) свабоды слова, сходаў, саюзаў, совесьці; 4) роўнасьці ўсіх грамадзян перад законам, ня гледзячы на расу, нацыянальнасьць, стан і веравань­не; 5) недатычнасьць асобы й жылішча; 6) агульнага, вольнага, дарэмнага навучэньня ў духу міжнароднага брацтва. Барацьба за нацыянальна-політычнае вызваленьне захапіла самыя шырокія колы жыдоўскай буржу­азіі, якая групуецца ў партыі, з ліку якіх некаторыя выступаюць пад сьцягам соцыялізму, як, напрыклад: 1) Паолей-цыон—партыя рабочых сіёністаў, утвораная ў 1900 г., але толькі з 1905 году праявіўшая сваю політычную дзейнасьць; 2) сіёніцка-соцыялістычная рабочая партыя і жыдоўская незалежная партыя, аб якой гаварылася вышэй. Усе гэтыя пар­тыі адбіваюць імкненьні жыдоўскай інтэлігэнцыі і дробнай буржуазіі, усё яшчэ марыўшай аб утварэньні жыдоўскага гаспадарства ў Палестыне. Паміж іншым, усе гэтыя нібы соцыялістычныя партыі мелі слабы ўплыў на жыдоўскія масы, і іх якасная вага ў рэволюцыйным руху 1905 г. была нязначная. Рэволюцыйны жыдоўскі рух разьвіваўся пад кіраўніцтвам Бун­ду, а выяўнікам настрою жыдоўскай буржуазіі быў вышэй-названы „Саюз паўнапраўства", стаяўшы на дэмократычнай і нацыянальнай пляцформе пры выбарах у першую Дзяржаўную Думу, у якой 12 жыдоўскіх дэпутатаў утварылі радную фракцыю па пытаньнях жыдоўскага раўнапраўства. Склад „Саюзу паўнапраўства" быў не аднолькавы па сваёй партыйнае належнасьці. Прысутнасьць у саюзе сіёністаў у значнай долі перашка­джала працы й стварала ўнутры саюзу бесканечны лік непаразуменьняў. Раскол у саюзе быў нямінучы. Буржуазныя праціўнікі выйшлі з складу саюзу і ў 1907 г. утварылі асобную „Народную жыдоўскую групу" прызна­ваўшую сіонізм вельмі шкодным цячэньнем і знаходзіўшую немажлівым працаваць разам з сіоністымі. Станоўчая програма занова-утворанай політычнай фракцыі не выдавалася радыкалізмам трэбаваньняў. Новая жыдоўская група вымагала пашырэньня правоў і дэмократызацыі жыдоўскага хаўрусу, у асаблівасьці надзяленьня яе шырокімі правамі ў справе школь­нага выхаваньня: правам вольнага адчыненьня школ і вольнага выбару мовы выкладаньня, правам на ўзварот з дзяржаўнага краёвага муніцы­пальнага бюджэту расходаў на тыя нацыянальна-хаўрусныя школы, аб'ём выкладаньня ў якіх адпавядае нормальнай програме абавязковага наву­чэньня. Урэшце, у асяродку жыдоўскай буржуазіі ўтварылася трэцяя буржуазна-дэмократычная організацыя— „Жыдоўская народная партыя", якая захавала свой буржуазны характар, і па сваёй нацыянальнай і політычнай програме падыходзіла да Бунду. Раскалоўшыся, жыдоўская буржу­азія, умяркованая й асьцярожная ў сваёй тактыцы, бязупыннаю аглядкаю на рабочы рух, у рэволюцыйнай барацьбе за нацыянальна-політычнае вызваленьне жыдоўскага народу, ня мела ніякага значэньня. Увесь цяжар ба­рацьбы выпаў на долю Бунду як у 1905 г., таксама й надышоўшыя пасьля рэволюцыі 1905 г., гады політычнага й нацыянальна цёмнага шаленства, якое засталося ў паўнаце свае сілы недатычным аж да лютаўскай рэволюцыі 1917 г.

IV.

Нацыянальна-польскі элемэнт пранікае на тэрыторыю Беларусі з канца XIV ст.—з часу заключэньня першае вуніі Літвы з Польшчай.