Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сіёніцкі рух, ахапіўшы значныя колы жыдоўскай буржуазіі, выклі­каў у апошняй к пачатку XX стаг. вялікае расчараваньне. Сіёнізм быў марай і фактам далёкага будучага, можа быць ніколі ня зьдзейсьненага. Праўдзівасьць-жа, давіўшая ўсім сваім цяжарам жыдоўства, змусіла вы­ступаць з шэрагаў сіёнізму больш чуткія жыдоўскія буржуазныя элемэн­ты і ў першую чаргу жыдоўскае студэнцтва, беспартыйная частка якога потым у значным ліку ўступіла ў Бунд, з чыннасьцю якога жыдоўская інтэлігэнцыя паступова азнаёмілася, і для якой была зусім да спадобы нацыянальная й дэмократычная програма Бунду.

Агульна-політычныя ўмовы і ў асаблівасьці ўмовы, пры якіх жыдоўскі капітал атрымаў мажлівасьць свайго праяўленьня, прымусіў паша­вяліцца й жыдоўскую буйную буржуазію. Падымаўшаяся рэволюцыйная хваля захапіла апошнюю. Ужо ў красавіку 1905 году адбыўся ў Вільні зьезд жыдоўскіх грамадзянскіх дзеячоў, устанавіўшы саюз для дасяг­неньня раўнапраўя жыдоўскага народу ў Расіі, які ў сваёй політычнай позыцыі падыходзіў блізка да програмы констытуцыйна-дэмократычнай партыі. У нацыянальным пытаньні саюз ішоў за Бундам, формулюючы сваю програму на другім зьезьдзе ў м. лістападзе 1905 г. наступным па­радкам: „У мэтах ажыцьцяўленьня поўнасьцю грамадзянскіх, політычных і нацыянальных правоў жыдоўскага народу ў Расіі неадложна прысту­піць да скліканьня на пачатках агульнага выбарнага права ўсерасійскага жыдоўскага нацыянальнага сходу для ўстанаўленьня, згодна волі ўсяго жыдоўскага жыхарства, формаў і прынцыпаў яго нацыянальнага самавы­значэньня й падстаў унутранае яго організацыі“. Пры ўсёй умеркаванасьці політычнай позыцыі саюзу нацыянальная програма апошняга слу­жыць паказчыкам адмаўленьня жыдоўскаю буржуазіяю ад асіміляцыйных ідэй мінуўшага часу і ад сіёнізму ў асобку. Калі програма саюзу мела ня вызначаны тэорытычны характар, у некаторых адносінах заўважваўся радыкалізм, дык асобныя жыдоўскія хаўрусы ў сваіх запісках на імя старшыні комітэту міністраў стаялі на больш конкрэтным грунце, указваючы: 1) на забарону жыдом прымаць удзел у выбарах у органы самакіраваньня; 2) на абмежаваньне іх у выбары праўленьняў заложаных імі пазычковых касаў; 3) на тыя смутныя вынікі, якія мае за сабою аб­ межаваньне жыдоў „мяжа аселасьці"; 4) на недапушчэньне ў навуковыя ўстановы; 5) на абмежаваньне ў правох, што ставіць жыдоў у вачох хрысь­ціянскага люду за па-за закону і падгатаўляе грунт для ўсякіх ганеньняў, беззаконьняў і гвалту.

Магілёўскае „Общество взаимного кредита", аб'яднаўшае наўкола сябе мясцовую жыдоўскую буржуазію, таксама падало запіску аб стано­вішчы жыдоўства. Вырашэньне гэтага пытаньня можа быць дасягнута пры ўмове зьдзейсьненьня шырокіх політычных рэформ. Барацьба за раўнапраўства жыдоў пачалася і ў гарадзкіх органах самакіраваньня. Жыдоўскія касы, страціўшыя па закону 1892 г. актыўныя і пасыўныя выбарчыя правы ў гарадзкія думы, адмовіліся прызнаць прысутнасьць жыдоў „гласных" выявіцелямі патрэб жыдоўскага жыхарства і пра­панавалі, каб самі „гласныя", калі яны шануюць сябе, ня прымалі ўдзелу ў думе па назначэньню і не выдавалі-б сябе, як прадстаўнікоў жыхар­ства, якое іх не выбірала. Усе гэтыя протэсты змусілі „жыдоў-гласных" у гарадох „мяжы аселасьці" адмовіцца ад выкананьня сваіх абавязкаў і заявіць, што яны лічаць мажлівым працаваць у думе пры ўмове абраньня іх народам. Уход „жыдоў-гласных" змусіў застаўшыхся „гласных" хрысь­ціян прыняць рэзолюцыю, вымагаўшую зраўненьня жыдоў у правох. Інды-