Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

барнага права; 2) роўных грамадзянскіх і політычных правоў для ўсіх нацыянальнасьцяў Расіі, права культурнага разьвіцьця для кожнае нацыя­нальнасьці, права атрымоўваць асьвету й гаварыць ва ўсіх дзяржаўных агульных грамадзянскіх установах на роднай мове. Гэтыя лёзунгі спат­калі ў жыдоўскай масе агульнае спачуваньне. У імя апошніх жыдоўскія рабочыя масы выступілі і ў кастрычніку і ў сьнежні 1905 году. Перад гэтымі нацыянальнымі тэндэнцыямі політычныя задачы рабочае клясы адыходзілі на задні плян. Вялізарнае маса жыдоўскае рабочае клясы не разумела ўсяе важнасьці політычных задач рабочае клясы. Дробна-буржуазная стыхія заўладала жыдоўскай рабочай клясай. Перамога апошняй у значнай долі вытлумачваецца разрывам Бунду з Р. С.-Д. Р. П., дзя­куючы якому Бунд у пэрыод 1903—1906 г. выступаў зусім самастойна. У рэволюцыйныя гады ў 1905—1914 г. на тэрыторыі Беларусі і Бунд і Р. С.-Д. Р. П. існавалі, як-бы самастойна-політычныя організацыі і дзей­нічалі зусім раўналежна. Шэраг жыдоўскіх пагромаў падзейнічаў працьвярожваючым парадкам на нацыянальны настрой Бунду, а скарачэньне районаў яго ўплыву выразна паказала на неабходнасьць хутчэйшага вы­хаду з свайго ізоляванага становішча й злучэньня з Р. С.-Д. Р. П. Разглядуючы пытаньні аб злучэньні з Р. С.-Д. Р. П., сёмы зьезд Бунду (1906 г.) прызнаў програму Р. С.-Д. Р. П. програмай так­сама й Бунду, але ўсё-ж-такі вымагаў прызнаньня Бунду, як соцыял-дэмократычнай організацыі жыдоўскага пролетарыяту, не абмежаванай у яе дзейнасьці ніякімі районнымі рамкамі, а таксама застацца з старой програмаю па нацыянальнаму пытаньню, прынятай на шостым зьезьдзе партыі. Апошні адбываўся за межамі дзяржавы ў верасьні 1905 г. і даў зусім ясную й выразную формуліроўку позыцыяў Бунду ў нацыянальным пы­таньні, якое, па думцы зьезду партыі, можа быць разьвязна толькі пры дачы права ўсім народнасьцям Расіі на нацыянальна-тэрыторыяльную аўтано­мію, праз „утварэньне такіх публічна-прававых устаноў, якія даюць маж­лівасьць для кожнай нацыі свабоднае культурнае разьвіцьцё“. Так, програма Бунду па нацыянальнаму пытаньню была об'ектам ажыўленых спрэ­чак на ўсіх зьездах, пачынаючы з трэцяга, і атрымала ўрэшце сваю кан­чатковую формуліроўку. Аб'яднаны зьезд, які адбыўся ў Стакгольме, пры­ знаў Бунд с.-д. організацыяй жыдоўскага пролетарыяту, не абмежаванай у сваёй дзейнасьці районнымі рамкамі, і даў яму права на выцякаючую адсюль „самастойнасьць у пытаньнях агітацыі, організацыі й пропаганды" з правам мець свае мясцовыя організацыі, цэнтр, установы й зьезды і самастойна распараджацца ўсімі справамі сваёй мясцовай організацыі. Аб'яднаны зьезд пайшоў па гэтых пытаньнях на спатканьне трэбаваньням Бунду, але нацыянальная програма засталася перагледжанай аб'яднаным зьездам. Па гэтаму пытаньню Бунд атрымаў надзвычайна цяжкае паражэньне, хаця, паміж іншым, Бунд не адмовіўся ад сваёй програмы па нацыянальнаму пытаньню. Політычная позыцыя Бунду да 1905 году была выдатна некатораю нявызначанасьцю. Толькі рэволюцыя 1905 г. змусіла Бунд выйсьці на арэну шырокай політычнай дзейнасьці й зра­біцца орыгінальнай партыяй жыдоўскага пролетарыяту. Рэволюцыйны год быў годам бліскучага росквіту партыі, найвялікшым момантам яе ўплыву ў асяродку жыдоўскага пролетарыяту. Паміж іншым, і цяпер вызнача­ную позыцыю Бунд займаў нядоўга. Пад уплывам дробнабуржуазных элемэнтаў у партыі пачынаецца пэрыод хістаньня. У далейшым тактыка й політыка Бунду, аж да лютаўскай рэволюцыі, коордынавалася з полі­ўкай і тактыкай меншавікоў.