Старонка:Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маўшай ніякага ўдзелу ў буржуазна-жыдоўскім руху, тым болей, што жыдоўска-асьветная літаратура выдавалася на мовах стара-жыдоўскай і расійскай. Буржуазна-жыдоўскі прамысловы капітал даў з свайго асярод­ку шэраг выдатных прадстаўнікоў мастацкага слова, сярод якіх Абрамовічу трэба адвесьці першае месца. Пэрыод супольнага жыхарства жыдоўскай буржуазіі з расійскай быў вельмі недаўгавечным. Расійская буржу­азія спалохалася больш рухавага жыдоўскага гандлёва - прамысловага капіталу й палічыла патрэбным вызваліцца ад усякай з яго боку конкурэнцыі, а дзеля гэтага пачала праводзіць прыкачваючую нацыянальную політыку, ад якое атрымаліся дрэнныя вынікі для жыдоўскай буржуазіі. Настала эра выключных законаў супроць жыдоўства, цяжка выцяўшых па сярэдняй і дробнай буржуазіі, дзеля таго, што гэта мела за сабою крах прамысловага жыцьця стараны, бо ўплыў жыдоўскага прамысловага й фінансавага капіталу на разьвіцьцё народнае гаспадаркі быў вельмі значным. Абмежаваныя ўрадавыя мерапрыемствы 80-х гадоў зрабілі канец романтычным ілюзіям жыдоўскага гандлёва-прамысловага капіталу. Жыдоўская сярэдняя й дробная буржуазія была выкінута з асяродку бур­жуазіі расійскага грамадзянства і была змушана вярнуцца на бацькаў­шчыну сваіх айцоў. Пачалася новая колёнізацыя жыламі беларускіх гарадоў і мястэчак. Удар, зроблены жыдоўскай буржуазіі расійскім гандлёва-прамысловым капіталам, быў такі моцны, што гэта павінна было зрабіць уплыў на ідэолёгію жыдоўскай буржуазіі. Выкінутая з асяродку расійскай буржуазіі, пастаўленая за рамкамі расійскай культуры, аднятая ад мажлівась­ці прымаць актыўны ўдзел у творчасьці апошняй, жыдоўская буржуазія не магла вярнуцца да дэмократычных слаёў жыдоўскай масы, ад якое яна была глыбока аддзелена клясавай належнасьцю й культурным настроем. Апынуўшыся на раздарожжы, жыдоўская буржуазная інтэлігэнцыя, шука­ючы станоўчага ідэалу, знашла апошні ў так званым „сунізьме", у якім рэльефна выявілася імкненьне жыдоў к духоўнаму нацыяналізму. Апошні атрымаў шырокае распаўсюджаньне сярод жыдоўскай буржуазіі і знайшоў крайняе выяўленьне ў організацыі жыдоўска-нацыянальнага гаспадарства ў Палестыне. Романтызм жыдоўскай буржуазіі, поўны меланхолікі й да­лёкі ад політычнай праўдзівасьці, сьведчыў толькі аб яе слабасьці й бясь­сільлі рэагаваць на гвалтоўна-несправядлівае парушэньне элемэнтарных грамадзянскіх правоў. Гэты романтызм яшчэ раз сьведчыў аб глыбокіх клясавых супярэчнасьцях у асяродку жыдоўскага народу. Сіонізм захапіў сабою вялікі лік сярэдняй і дробнай буржуазіі. Ён заклікаў у свае шэ­рагі ўсіх прыгнечаных і абражаных, але не для змаганьня, а для сумаваньня й тамленьня па вышэйшаму граду, з маўчлівым замірэньнем з гнюснай „расійскай" праўдзівасьцю, як любіў казаць у цяжкія Мікалаеў­скія часы Бялінскі. Жыдоўскі буржуазны капітал у сіонізьме й аполітызьме знайшоў самаго сябе. Выдзяліўшы з свайго асяродку бліскучую плеяду поэтаў, пісьменьнікаў, літаратараў, вучоных, пісаўшых і тварыўшых на стара-жыдоўскай мове, жыдоўская сіёністычна-настроеная буржуазія адыйшла назаўсёды ад свайго народу, што аднак не перашкаджала ёй, як гандлёва-прамысловай клясе, бязьлітасна эксплёатаваць жыдоўскую пра­цоўную клясу.

Але ня ўсе жыды былі пакорны волі расійскай буржуазіі, ня ўсе жыды былі гатовы мірыцца з няпрыемнай для жыдоў расійскай праўдзівасьцю. У асяродку жыдоўства зароджвалася іншае нацыянальна-куль­турнае цячэньне, якое прымала нацыянальна-політычны характар і якое ў політычным вызваленьні жыдоўскай працоўнай клясы бачыла крыніцу