Бо папраўдзе на хлеб зарабляе і другіх корміць… Ня пара!.. Гаспадарская дачка, а той — найміт. А куды мы без таго найміта Варты?!.. О Божа, Божа!
(Завеса).
ЧАСЬЦЬ ЧАЦЬВЕРТАЯ.
(Хата непадмецена; вокны непамыты. Прузына скрабе бульбу; убягае Еука, а за ёю зараз і салдат уваходзіць.
Еука. Мама, матухна! Нейкі салдат да нас ідзе. Ці не Астап? (становіцца каля печы, павярнуўшыся да дзьвярэй).
Астап (уваходзіць). Пахвалёны Езус! (азіраецца па хаце).
Прузына. На векі векаў! (устае). Гэта-ж Астап! (Падыходзіць, цалуе Астапа ў голаў, а ён ёй у руку). Дальбог, Астап! Распратайся, галубок! Садзіся! Зараз з намі паабедаеш. Чаго ты так азіраешся? Бяда, сынку, бяда! Твая у Бога… (заліваецца сьлязьмі, галосячы).
Астап (жахнуўшыся). Што вы, вашэць, кажаце?! Кажэце ладом!
Прузына Праўду нябога казала, што мы без цябе рабіць будзем. Так і вышла. Дастаўся гэта да нас той Анупрэй Даўбуль, і папсавалася нашая гаспадарка. То тое прападзе, то тое змарнуецца. Бачу я, што кепска. Стала Марылю ў двор выпраўляць. Каб тую долю горкую ведала, лепш бы сама хадзіла. Жалілася яна, нябога, на паніча, каб яму дабра ня было! Дык мне няўцямкі было, каб гэтак вышла. Ці мала хто каго зачэпіць… Ой, бедная мая галованька!