Перайсці да зместу

Старонка:У іншым шчасьці няшчасьце схавана (1919).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Астап. Можа, то можа, усё быць можа. Адно мне ўсё думаецца, што здадуць, бо вельмі-б я шчасьлівы быў, каб не здалі. А чым я гэталькі радасьці заслужыў? (Уваходзіць Прузына і глядзіць на пару. Астап адсунуўся. Марыля пачырванела і, адвярнуўшыся, стала нішчыкам вочы выціраць).

Прузына. Выпраг валы? Гэтак-бы даўно зрабіў, усё роўна не дагараў? І сам захварэць можаш… гэтак намок.

Астап. Як-жа не? Дагараў, адно чуць-чуць дацягнуў… валы прысталі. Захварэць — то я б і рад, можа-б у маскалі не здалі. Трэба пайсьці на-нач каню сечкі нарэзаць, бо на начлег сягоньня не паеду (выходзіць).

Марыля (абняўшы матку). Што-ж мы, матачка, без Астапа рабіцімем? Хто нам пагарэ, хто засее?!

Прузына. Як я бачу, табе ўжо вельмі Астап рупіць! Ён-жа табе ня пара. Ты ўсё-ж такі гаспадарская дачка. Неяк Бог паможа… трэба будзе другога наняць.

Марыля (памаўчаўшы). Мама!, а чым-жа Астап горшы за другіх? Ён-жа і не лянуцька і ня п‘яніца, і разумны і харошы…

Прузына. Так то так, ганьбы яму ніякае няма, — адно бедны.

Марыля. А багаты бедным стацца ня можа?

Прузына. Да што там перад невадам рыбу лавіць! Пакуль ён сваю салдатчыну адбудзе…

Марыля. А як адбудзе, дык што?

Прузына. Тады пабачым, ня дуры галавы! А пакуль што ён табе ня пара… (выходзіць).

Марыля. Вось, мой Божа, які-ж суд у людзей! Ня пара кажуць… Жэняцца, шчасьця шукаючы, а тут не даюць… Ня пара…