Старонка:У іншым шчасьці няшчасьце схавана (1919).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Астап. Ды вы не бядуйце, а кажэце, гдзе Марыля?

Прузына. Я-ж кажу: у Бога.

Астап (спалохаўшыся). Як?! Памёрла? Даўно?!

Прузына (галосячы). Тыдняў пяць, як пахавала галубачку любенькую. І зазнала-ж яна, бедненькая, сораму і мукі ўсялякае!.. (Астап асунуўся на лаву, сьціснуў аберуч голаў. А Прузына, трохі супакоіўшыся, гаворыць далей). Бачыш, нябога, заходзіў той нягоднік ёй і так і сяк, і на вёску навет забягаў ды ўсё нічога. Вось згаварыўся ён з аканомам. Той пры расплатцы ў суботу і кажа: „А ты, Марыля, прыдзі заўтра па грошы, бо цяпер ня стала“. Вось яна пабегла, а там аконам з панічом як прысукаліся, дык мусіла выпіць чарку-другую, а далей, як разахвоцілі, дык і добра спаілі. А там… ведама што. (Выцірае вочы). Падходзіў ён потым і сюды, кажуць… Бог іх ведае! Адно нашая стала чагось вельмі журна і з твару зьмянілася. Тужыць усё, бывала, ды па начох плача. Высахла на трэску… І зьлягла… І дзіця чуць пасьпелі ахрысьціць… (заліваецца сьлязьмі).

Астап. Дык бывайце здаровы! Няма чаго мне тут без Марылі рабіць…

Прузына. Ды хоць паабедай з намі!

Астап. Дзякуй! (выходзіць, Прузына і Еўка плачуць).

(Завеса).