Марыля (сьмяецца). Ха-ха-ха! Як ты хораша прыбраўся. (Бярэ яго голаў аберуч і цалуе ў губы). Але ты прамок, — пачакай! Я табе адзежу сухую прынясу. (Марыля выходзіць, Астап расьпіразваецца ды скідае мех і сьвітку. Марыля ўваходзіць з адзежаю і бутэлькаю. Астап бярэ адзежу і выходзіць).
Астап (уваходзіць у сухой адзежы). А дзе-ж матка?
Марыля. Пабегла на сяло: можа хто на места паедзе, каб солі купіў. На, пагрэйся! (падае бутэльку, сама крыху пацягнуўшы). Тфу, горкая!)
Астап Ну, будзь здарова! (п‘е). А-а-а! (абцірае губы). А дзецям насілі палоднаваць? Што яны там робяць?
Марыля. А як-жа, насілі. Яны там коней паганяюць. Але я ў двор балей не пайду…
Астап. Чаму?
Марыля. Так… бо паніч дома.
Астап. А што паніч? Ці ён у места сяголета не паедзе?
Марыля. А хто яго ведае! Кажуць дактары казалі на старане пажыць (памаўчаўшы). І што я яму так далася? І прайсьці нельга.
Астап. Ведама, пан… Ці мала гэта ён дзяўчат пазводзіў?! (садзяцца, абняўшыся на лаве).
Астап (цалуе яе). Ой, галубка, хутка мне ў дарогу трэба зьбірацца!
Марыля. Што ты?! Куды?..
Астап. У места на прызыў, а далей — у салдаты… Бог ведае дзе…
Марыля. А мо цябе не здадуць… (хавае сьлёзы).