Марыля (абымае яго за шыю, моцна прытульваецца, а далей, засаромяўшыся, кажа:) А я-ж і забылася! Гэта-ж палоднаваць пара! І Макрына, пэўне, есьці хоча. (становіць палоднаваць). Сядайце, цётка, з намі палоднаваць!
Макрына. Дзякую галубка! (садзіцца на заслоне). Лётала варона на жыр да арлоў, да толькі лётала, бо жыру не дастала, а накорміць яе галубка сівая. Ой, арол, арол, небясьпечна птушка!.. Пакахаўся сакол дай з галубкаю. Пагналі сакала ў край далёкі — ветры буйныя. Наляцеў арол і галубку стаў драць. Пакуль сакол прыляцеў яе ратаваць, дык ужо і па галубцы. Пагнаўся сакол за арлом і сам арлу ў кіпці папаўся… Ха-ха-ха! Малы на большага не парывайся!
Марыля. Што вы, цётка, такое невясёлае байдурыце? Сказалі-б што весялейшае! (паселі за стол).
Макрына. Калі-ж бо ў іншым шчасьці няшчасьце сядзіць.
Астап (да Марылі ціха). Чаму-ж ты мне нічога не сказала?.. Як ты?
Марыля. Я?.. А няўжо-ж не! Я даўно ўжо… (ядуць адну страву, потым другую. Прыбіраючы з стала, Марыля пяе).
(Завеса).
ЧАСЬЦЬ ТРЭЦЯЯ.
(Астап уваходзіць мокры, накрыушыся мяшком).
Астап. Бр-р-р! Вось дык пагода! І валы зусім прысталі.