Еука. Хіба, рак жывую жабу есьць? Ён толькі забітую і то, каб вачэй ня бачыў… баіцца.
Піліп. Баіцца, баіцца! А ты ведаеш?!
Еука. Ведаю. (павярнулася да маткі).
Прузына. Заўтра ў нас прысьвятак. Трэба да сястры зьезьдзіць. Мо ты Марыля са мной паедзеш?
Марыля. Няхай Еўка едзе.
Еука. Я, мама, паеду. Мама, добра?
Прузына (да Марылі). А ты чаму ня хочаш?
Марыля. Так, нешта ня хочацца… І трэба кашулю Піліпу скончыць…
Прузына. Кашуля не ўцячэ; Піліп ня голы ходзіць.
Марыля. А што-ж мае валяцца?.. І сабе маю сёе-тое зрабіць…
Еука. Я, матачка, паеду! Матачка, я!!!..
Прузына. Ой, ты, Марылька, штось круціш!.. А Васіль старастаў такі нішто дзяцюк… Помніш, як ён усё з табою на ігрышчы гуляў? Табе ўжо і замуж пара…
Марыля. Дык што? Ён мяне ня возьме…
Прузына. Па чым знаць?!. Едзеш?
Марыля. Няхай Еўка едзе, — ёй бо хочацца.
Прузына. Ну, глядзі-ж!.. (да Еўкі). Дык ты шурпа, паедзеш?
Еука (цалуе матку, потым глянуўшы на Астапа). Няхай Марыля з Астапам гаспадараць (выбягае падскакаваючы).
Піліп. Мама, ты мяне пабудзіш быдла гнаць! (кладзецца спаць, бо прыгнаў быдла з раніцы).
(Завеса).