Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кі слоў, за простае прывітаньне. Каралі пераважна 14-дзённым арыштам.

А ўсё-ж такі прастытуцыя працьвітала. Лішне малы быў процант жанок у лягеры, лішне вялікі быў попыт мужчынаў на іх — не паддацца спакушэньню было цяжка.

Жанкі, якія не займаліся прастытуцыяй у шырэйшых межах, мелі па некалькі палюбоўнікаў. Кожны з іх нёс сваей любай, што мог. Пекар краў хлеб у пякарні, той, хто ня курыў, аддаваў свой паёк тытуну, кіраўнік крамкі цішком выносіў одэколонь ці пару паньчохаў, той — жменю цукру, які прызапасіў з пайка, а іншы дзяліўся прысланай ад жонкі з волі пасылкай.

Вельмі часта прывозілі на Салоўкі маладыя пары. Супругаў, ведама, разьдзялялі: яе зачынялі ў „женроце“, яго адсылалі да аднае з мужчынскіх ротаў або й на іншы востраў. Калі супругі й аставаліся на адным востраве, усё роўна спатыкацца ім было забаронена. Калі жонка была маладая і прыгожая, дык ураз знаходзіла паклоньніка сярод вязьняў, маючых уладу, які часамі быў начальнікам яе мужа. Ад яго залежала паслаць нешчасьлівага мужа на такія работы, дзе той лёгка мог галавой налажыць, — жонка ж была аддадзена на ласку ці няласку розных „заваў“ (заведываючых), „начаў“ (начальнікаў) ды іншых спасярод дужых гэтага сьвету, якія стараліся заўладаць ёю.

Упірацца было залішне цяжка...