Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

САЛОЎКІ.

Новыя варункі жыцьця.

Нараніцы ўгледзілі мы востраў з узьнімаючыміся к небу царкоўнымі вежамі: мы пад‘яжджалі к таёмным Салоўкам. Лоўка абмінуўшы густа раскіненыя меншыя астраўкі, „Нева“ ўвайшла ўрэшце ў порт.

Назначылі нас у трынаццатую роту, якая кватэравала ў былым праабражэнскім саборы, падзеленым дзеля гэтага на тры паверхі. Разгасьціліся мы тут проста на падлозе, бо нараў для нас не хапіла. Назаўтрае ўсю прывезеную з Мягу групу вязьняў — з малымі выняткамі — пагналі на возера Пэрт — ізноў на лясныя работы. Да лічбы гэных шчасьлівых выняткаў належаў і аўтар гэтых радкоў.

Вострау Салоўкі мае ў папярэчыне ад 17 да 28 кілямэтраў. Ён густа зарос хударлявым ельнікам ды бярэзьнікам, мае каля 500 азёраў, у якіх водзіцца шмат рыбы. Некаторыя з гэтых азёраў — у часох, калі на востраве быў праваслаўны манастыр, — манахі пазлучалі невялікімі каналамі, і гэтак на ўсім востраве наладзілася камунікацыя вадой. Апрача таго, на Салоўках была вузкакалейка, якая злучала розныя пункты вострава...