Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ніка. Той злуе. Загадаў: ня браць жывым, а застраліць! Страляць у сьпіну, каб выглядала, што стралялі падчас уцёкаў. Заданьне ня цяжкае: усе гоняцца на лыжах, а гэны што уцёк, прэцца пехатой праз глыбокі сьнег. Дарога-ж у яго адна: па лёдзе праз мора на Колежму.

Праз колькі гадзін уцёкшага дагналі і, паводле загаду, застрэлілі. Пад раніцу паехалі сані забраць труп. Назаўтрае непадалёк ад лягеру, на краю лесу, пахавалі няўдалага ўцекача. У прысутнасьці аднаго жаўнера пахаронамі кіраваў „лекпом“ — фэльчар, найвялікшая ў нас мэдыцынская павага. Ён вызначыў, як глыбака капаць яму, у які бок класьці галаву трупа, паложанага ў зьбітую з дошчак скрыню.

Магілу капалі днявальныя.

Ні слова спогаду да нябожчыка, ні сьледу таго паважнага настрою, які звычайна бывае пры праводзінах чалавека на вечны супачынак. Зьдзекі, кпіны, лаянка, праклёны — як быццам гэты вязень быў толькі-што не таварышам у няволі, а — заклятым ворагам...

Прозьвішча забітага — Шульц.

Выезд на Салоўкі.

У канцы красавіка сьнег пачаў таяць. Лесарубкі спыніліся. Сьпяшаліся нагвалт вывозіць з лесу прыгатаваныя калоды на гэтак-званы „рум“. Сьпяшаліся, пакуль яшчэ была санная дарога...