Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няздолеўшы выканаць работу, а ведаючы, што яму за гэта пагражае, чалавек, ахоплены бяссільнай роспачай, клаў на пень левую руку, адсякаў сабе пальцы і кідаў іх у твар дзясятніку або надзірацелю. „Патрэбны вам мае рабочыя рукі? Вось вам! Цяпер я няздольны да працы!“ Здаралася, што ашалеўшыя людзі адсякалі сабе цэлую кісьць левае рукі. У лесе ня было мэдэцынскае помачы, нават гэткай, якую мы мелі ў лягеры, ў бараках. Дык, абліваючыся крывёй, вязень уласнымі ганучамі перавязваў сабе рану і варочаўся ў лягер.

Дзеля таго, што пры ўваходзе у лягер трэба мець пропуск, дзясятнік на адпіленай калодцы пісаў хэмічным алавікам пропуск, і ранены, нясучы на плячох гэту калоду — пропуск, варочаўся ў лягер, млеючы ад болю, утомы й утраты крыві.

Значная большасьць гэтых, як іх звалі „самарубаў“, памірала ад заражэньня крыві.

Забастоўка.

Адпачынак бываў кожную другую надзелю, значыцца два разы ў месяц. Але й гэтая „нядзеля адпачынку“ ня была цалком вольная ад працы. У гэтыя дні мы выконвалі лягерныя работы: вывазілі з лягеру сьнег на бераг мора, чысьцілі патрэбныя месцы і г. п. Аднак, гэта былі работы шмат лягчэйшыя за лясныя, і, калі ўзяцца за іх дружна, можна было хутка кончыць.