Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я затрымаўся.

Я быў перакананы, што гэта галюцынацыя. Галасы змоўклі. Я закурыў люльку, абцёр пот з лобу і пайшоў далей, апіраючыся на свой падарожны кіёк...

Ізноў я пачуў пяяньне жабаў.

Я затрымаўся, ня ўмеючы вытлумачыць сабе дзіўнае зьявішча. Кумканьне замоўкла. Стараючыся дагадацца прычыны гэтых гукаў, я заўважыў, што, як я затрымоўваўся, пяяньне сьціхала, а як пачынаў нанова сваю падарожу — ізноў пачыналася. Я пачаў шукаць прычыны каля сябе і вось заўважыў, што гэта мой падарожны кій, упіраючыся ў сухі зьмёрзлы сьнег, за кожным разам дае гэтыя дзіўныя гукі, страшэнна прыпамінаўшыя „кумканьне“ жабаў пасьля захаду сонца...

Апошні начлег быў у Колежме, мястэчку на беразе Белага мора. Адтуль назаўтра мы меліся ўжо пайсьці праз замёрзлае мора на востраў Мяг — які знаходзіўся ў дзесяцёх кілямэтрах ад берагу.

У Колежме тое самае, што ўсюды ў карэльскіх рыбакоў, якія ўжо прывыклі да гэтых этапаў. Гэтыя самыя неспачуваючыя твары. Гэтак сама разьмясьцілі нас у розных хатах; канвой асобна ў лепшай хаце. Нікому й у галаву не магло прыйсьці, што нехта з нас спрабуе ўцякаць.