Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Шопатам гавораць з сабой людзі, кіненыя ў падвалы Лубянкі № 2, стараючыся прадбачыць, які лёс іх чакае з рук паноў іхняга жыцьця і сьмерці, ахопленых энтузьязмам „ударничества и соцсоревнования”.

Я, як ужо казаў, я быў засуджаны (завочна) колегіяй ОГПУ на 10 год салавецкага лягеру, значыцца адарвалі мяне ад жыцьця назаўсёды. Пасьля свайго „сроку“ мне-бы прыйшлося ехаць на „поселение“ ў Пячорскую тундру або Нарымскі край і, прабыўшы там колькі гадоў, калі-б не памёр там з голаду, цынгі, тыфусу або каліб мяне йзноў не арыштавалі, мне было-б дазволена перамяніць месца, пераехаць у край з мягчэйшым кліматам, — але на бацькаўшчыну, на Беларусь, ужо мне не дазволяць вярнуцца ніколі.

Ніколі!

Не пачую ўжо клёкату буслаў над страхой, ані песьні вяртаючыхся з поля жнеяў, ані чароўнага пяяньня беларускіх жабаў у нашых вазяркох і сажалках...

Жабі голас.

Плятучыся ў канцы расцягнутай катаржнай партыі з гэткімі панурымі мысьлямі ў галаве, я раптам уздрыгнуў... Мяне агарнуў жах...

Я пачуў галасы нашых беларускіх жабаў...

Карэльскі лес стаяў па абодвух бакох дарогі пакрыты сьнегам. Беларусь далёка, за тысячы кілямэтраў, а я тут на далёкай паўночы выразна чую рытмічнае кумканьне жабьяга канцэрту.