Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чым: здра! Шмат хто ўжо ахрыпшы. Дзіка крычым гэтае „здра“, каб урэшце здаволіць сваё начальства. Усьцяж нядобра. Відаць тут уся справа не ў якасьці, а ў колькасьці гэтага „здра“.

Пасьля сказалі нам строгую прамову, у якой адзначылі, што мы ў лягеры, дзе абавязаны сумленна працаваць, дзе за сабатаж строгія кары, дзе трэба бяскрытычна спаўняць усе загады ўлады і г. п. вядомыя вастрожныя рэчы.

А пасьля — ізноў „здра", ізноў „по порядку рассчитайсь“ — і гэтак да зьмярканьня.

У памешканьні.

Наканец прамерзлым, галодным і змораным дазволена выкапаць са сьнегу свае клумкі і ўвайсьці ў барак. Людзі кінуліся ў памешканьне, займаючы месцы на нарах. Ня гледзячы на тое, што нары былі двохпаверхавыя, не хапіла мясцоў. Камандант і яго памоцнікі (усе вязьні) робяць парадак: укладваюць нас цесна, аднаго пры адным, падпіхаючы ўдарамі нагой. Ляжым на баку, ня маючы магчымасьці паварухнуцца. Павярнуцца на другі бок можна толькі колектыўна, у паразуменьні з найбліжэйшымі суседзямі.

Як ужо былі вызначаны для ўсіх месцы, некаторыя зьлезьлі з нар і, грэючыся перад жалезнымі печкамі, закусывалі што хто меў. Усім страшэнна хочацца кіпятку, але кіпяток мы атрымалі ня скора і надта яго было мала, дзеля таго што на Папоўскім востраве сваей вады няма і яе пры-