Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Войкаўцы“.

Зіма ўжо прайшла. Прайшла й вясна. Пачалося лета. У перапоўненых падвалах было страшэнна душна. Двое з нас стаялі на нарах, трымаючы ў руках коўдру і махаючы ёю, каб асьвяжыць крыху паветра. Гэты жывы вэнтылятар працаваў бязупынна ўвесь дзень. Толькі змяняліся „махальшчыкі“.

Адзін раз уначы ў першыя дні чэрвеня мы збудзіліся, чуючы нейкі нязвычайны рух у калідоры, нейкія галасы, топат ног. Адчыняліся і зачыняліся дзьверы камер. Уканцы й дзьверы нашай камеры адчыніліся і ўпіхнулі да нас яшчэ каля дваццацёх кватарантаў. Ужо і бяз іх было неўмагату цесна, спалі мы ня толькі на нарах, але і на падлозе, адзін пры адным, — цяпер ужо нельга было й падумаць, каб нехта мог прылегчы. Каб памясьціць новых арыштантаў, мы былі прымушаны падняцца са сваіх нараў, сабраць і вынясьці іх у калідор і разьмясьціліся як хто мог, пераважна стоючы, у перапоўненай камеры.

Што ж гэта сталася?

У Варшаве на вагзале малады расейскі манархіст, Барыс Кавэрда, застрэліў савецкага пасла Войкава. Гэта адбілася рэхам па ўсім СССР. Ня ведаю, ці знойдзеш на аграмаднай тэрыторыі сацыялістычнай дзяржавы хаця адзіны куток, дзе-бы „мстяшчая рука пролетарыята“ ня кідала сваіх „клясавых ворагаў“ у вастрогі, не высылала ў паўночныя тайгі, не расстрэлівала. Хто быў гэтым