Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў менскім ГПУ спаўняў абавязкі ката, заглядваў да нашае камеры, таварыш мой, скрываючы сваё унутранае неспакойства, пытаўся вясёлым тонам:

— Ну, як думаеш, Вавілаў, расстраляюць мяне ці не?

— Э! выдумаў!… — адказваў Вавілаў.

Наагул Вавілаў быў даволі дабрадушны і стараўся падтрымоўваць сярод вязьняў добры настрой. Думаю, што, вязучы сваю ахвяру на месца расстрэлу, ён і тут стараўся дадаць вязьню радасьці жыцьця:

— Ты, браток, не маркоцься… Гэта ня страшна… Гэта накшталт таго, як ты-бы ехаў вырываць сабе зуб: адна хвіліна, я пасьля нічога… добра…

На Камароўку.

Часта няма аб чым гутарыць, асабліва, калі людзі прымушаны быць з сабой неразлучна цэлыя дні і ночы. Як ня было аб чым гаварыць, мы гулялі ў шахматы.

Адзін раз мой таварыш быў неяк дзіўна няўважлівы, раз за разам праігрываў. Як пачаў прыбліжацца вечар, пачаў агортываць яго нейкі несупакой. Я спытаўся, што з ім?

— Сёньня панядзелак — адказаў ён.

— Ну дык што? Такі самы дзень, як і іншыя.

— Сёньня панядзелак… Ужо два тыдні як нікога ня ўзялі… Думаю, што сёньня возьмуць.

— Куды?