Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але... у той-жа мамэнт адчуваю, што я ўжо — не вязень; наадварот, цяпер я — ганорная асоба. Бо павадыр нашага паходу, нейкі чэкіст у даўгой шынелі, з ромбамі на каўняры — адзнакамі высокага вайсковага становішча, — закамандаваў:

— „Взять вещи !

Ураз-жа падскочыў да мяне чырвонаармеец, які падхапіў мае манаткі, і мы пайшлі. Наперадзе йшоў гэны гепіст з генаральскімі адзнакамі, за ім — я, побач — жаўнер з рэчамі, за мной — канвой ды йшчэ нейкія людзі... Я на іх не зьвярнуў увагі.

Абмен.

Пагода агідная. Віхор гудзе у недалёкім лесе і гоніць хмары, якія лятуць хутка-хутка і грамадзяцца адна на адну, як быццам хочуць хутчэй праляцець над савецкай гранічнай брамай, што дзеліць два сьветы.

Углядаюся ў надпіс: „Социализм сотрет все границы“, які бачыў гэтак даўно — у лістападзе 1926 году, калі ехаў у Савецкае гаспадарства з верай у магчымасьць беларускае культурнае працы там — у БССР. Тады гэтак сама была восень, але я ехаў с надзеяй на вясну ў сэрцы. Сяньня варочаюся, бадзяка, у вастрожным бушлаце, працьвярэзіўшыся на Салоўках, шчасьлівы, што праз мамэнт нага мая пераступіць граніцу краіны „будуючагася соцыялізму“ — у адваротным кірунку. І сяньня восень, але ў маей душы зацьвітае нейкая неапісальная радасьць...