Старонка:У капцюрох ГПУ.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыве ў Менску. Запраўды, праз мамэнт расчыняюцца дзьверы, і ўваходзе, дрыжучы ад узварушэньня, старушка. Далі нам толькі поў гадзіны на гутарку. Разьвітываючыся, аддаю матцы каля кіляграму чорнага хлеба, які мне далі на дарогу ў Бутырках. Рукі ў маткі трасуцца.

— Сынок мой! Гэткі багаты дар... Мы ўжо даўно ня мелі гэтулькі хлеба! Але можа табе прыпатрэбіцца?

— Будзь спакойная, маці... Мне гэты хлеб ужо не прыпатрэбіцца...

Едзем далэй. Коласава — граніца !

Мяне ўводзаць у памяшчэньне пагранічнага ГПУ. Савецкі жаўнер ні на адзін крок ад мяна не адступае. На мамэнт затрымаўся нейкі пасажырскі поезд. Мы усё чакаем. Прайшлі йшчэ два таварныя. Чакаем. Прайшло больш за дзьве гадзіны. Пачынае зьмяркацца...

Калі-ж нарэшце?!

Аглядаю паразьвешываныя на сьценах „лёзунгі“ і партрэты „павадыроў“. Хутка ўжо разьвітаюся з вамі — назаўсёды!..

Ідзе нейкі поезд...

— Не, гэта вецер гудзіць, — адказывае мой вартаўнік-жаўнер.

Раптам убягае афіцэр, які вёз мяне з Масквы.

— „Собирайтесь с вещами!“

Апошні раз чую гэту каманду, якую гэтулькі разоў даводзілася чуць па вастрогах. Хапаю свае клункі і йду на пэррон.